Дэфіле зорак тэатра ў беларускіх строях (яны выкарыстоўваюцца ў шэрагу спектакляў) парадавала аматараў оперы, што прыйшлі паслухаць «Сівую легенду». І атрымалі своеасаблівы бонус: унікальную імпрэзу, падчас якой можна было далучыцца да беларускай культуры і адчуць яе адметнасць праз унікальныя прадметы — а гэта найперш славутыя слуцкія паясы, наміткі як адмысловыя элементы жаночага адзення, а таксама строі, што некалі былі ўласцівыя шляхецкай ды народнай культурам.
А яны, між іншым, дапамагаюць свараць вобразы беларускай даўніны ў операх «Сівая легенда» (кампазітара Дзмітрыя Смольскага) ды «Дзікае паляванне караля Стаха» (Уладзіміра Солтана). А яшчэ ж ёсць у рэпертуары балеты «Страсці» (Андрэя Мдзівані), «Настасся» (Вячаслава Кузняцова). Вядома, ў тэатры выкарыстоўваюцца стылізаваныя строі, якія дапамагаюць дасягаць патрэбнага сцэнічнага эфекту. Але агульнае адчуванне мясцовага каларыту ўсё ж ёсць. А ў операх ды наогул (у некаторых сцэнах) ёсць паглыбленне ў даўніну, у тым ліку на ўзроўні касцюмаў.
Зоркі айчыннай сцэны выйшлі ў гэтых строях у фае, дзе адбывалася сапраўднае дэфіле. Цудоўная магчымасць пабачыць блізка тых, кім захапляешся, ды яшчэ і разгледзець іх уборы! Так народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі акрамя таго, што прайшоўся ў шыкоўным камзоле, дык яшчэ і стаў мадэллю для завязвання слуцкага поясу, адметнага сімвалу беларускіх шляхціцаў. Дык а хто ж цяпер ўмее павязваць гэтыя паясы? Аказваецца, тэхнікі вывучаны і захаваныя навукоўцамі. Напрыклад, сапраўдныя слуцкія паясы захоўваюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а яго прадстаўнік, кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука паказаў, як правільна завязваць пояс. Тое ж самае тычыцца і наміткі, якую жанчыны павязвалі на галаву, — нашы прабабулі былі яшчэ тыя модніцы, бо гэты прадмет гардэроба мог падкрэсліць прыгажосць твару любой кабеты. Як — паказала кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава. Падаецца, што народныя строі наогул валодаюць такім чараўніцтвам. Як і касцюмеры тэатра, якія мелі дачыненне да стварэння вобразаў, у якіх прайшліся па сімвалічным подыуме народныя артысты Беларусі балерыны Ірына Яромкіна, Вольга Гайко, а таксама Антон Краўчанка, заслужаны артыст краіны Юрый Кавалёў ды салісты оперы Марта Данусевіч ды Андрэй Сялюцін.
Усё гэта стварыла адпаведны настрой для праслухоўвання оперы «Сівая легенда» паводле Уладзіміра Караткевіча, які ўмеў і вучыў шанаваць сваю гісторыю. Як цяпер працягваюць гэта рабіць салісты оперы, што выканалі галоўныя партыі ў спектаклі: Алена Золава, Аксана Якушэвіч, Станіслаў Трыфанаў, Дзмітрый Шабеця. Яны спявалі на беларускай мове і пра Беларусь.
Фота: Вялікі тэатр Беларусі