Top.Mail.Ru

Смачна, весела, цікава. Госці і ўдзельнікі бульба-фэсту «Воранаўскi дранiк» уражаны святам

Чым радуе бульба-фэст «Воранаўскi дранiк», паведамляе БелТА.


На галоўнай сцэне цешаць публіку і песні і танцы, а вакол разгарнуўся сапраўдны карагод «беларускiх прысмакаў» — як кажуць, усё з бульбы і «да бульбы». Прадпрыемствы, гаспадаркі, цэнтры культуры — усе на сваіх пляцоўках пякуць дранікі на вялікіх жароўнях і чыгунных патэльнях. А да дранікаў чаго толькі няма: шкварачкі, каўбаскі, грыбочкі, агурочкі-памідорчыкі з агародаў, «верашчака» і найсмачны хатні квас.


У топе, вядома ж, «нацкiя дзеруны» з белымі грыбамі, за імі тут жа выстраілася чарга жадаючых пакаштаваць. Нават не верыцца, што звыклая нам усім бульба ва ўмелых руках гаспадынь ператвараецца ў такі кулінарны шэдэўр. 

«Галоўнае — гатаваць з любоўю, — гаворыць спецыяліст Нацкага цэнтра культуры Людміла Лебядзевіч. — Унікальны рэцэпт, які ўваходзіць у Спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, нам перадала жыхарка Начы Ганна Яцукевіч. А ёй у сваю чаргу яе маці».

Побач на дзвюх патэльнях пякуць дранікі работніцы Пагародненскага цэнтра культуры, а людзі, якія жадаюць пачаставацца, з нецярпеннем чакаюць кожную новую порцыю. 

«На нашым стале — і дранікі, і дзеруны, і вяхотка, і каўбаса „пальцам піханая“, і сальтысон хатні, — сардэчна сустракае гасцей загадчыца Пагародненскага цэнтра культуры Іна Радзевіч. — Яшчэ ў нашай мясцовасці ёсць традыцыйная страва — клёцкі з дзёртай бульбы. Яны адварваюцца ў падсоленай вадзе, а затым абсмажваюцца са шкварачкамі і цыбуляй. Вельмі смачна!».

Гонар Воранаўскага раёна — эксперыментальная база «Кастрычнік», дзе вырошчваюць элітныя гатункі сельгаскультур і, вядома, у тым ліку бульбы. 

«У гэтым годзе ўраджай намячаецца добры, гатункі свае, беларускія, — гаворыць генеральны дырэктар эксперыментальнай базы Андрэй Вянцкевіч. — Уборку плануем пачаць з 1 верасня. Але, як бачыце, пачаставаць гасцей сёння ёсць чым. Наша фірмовая страва на свяце — бульбяная каўбаса». 

Дзвюх юных дзяўчат у стракатых размаляваных хустках на плячах цяжка не заўважыць. Яны, як аказалася, яшчэ і цёзкі. Дамініка Марозава і Дамініка Трусіла прыехалі ў Воранава з аграгарадка Верцялішкі Гродзенскага раёна. Яны ўдзельніцы самадзейнага ансамбля выступаюць на фестывалі. Але пакуль абышлі ўжо ўсю лакацыю бульба-фэсту і, вядома, пачаставаліся дранікамі. «Любім падсмажаныя, — кажуць дзяўчыны. — Такія і паспыталі. Сытныя, смачныя, гарачанькія. А зараз і самі праспяваем, і іншых паслухаем. Свята сёння на славу».


Сярод гасцей «Воранаўскага дранiка» — госці з Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Два раёны — Воранаўскі і Сечанаўскі Ніжагародскага рэгіёна супрацоўнічаюць ужо не першы год, а на пятым з’ездзе малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей замацавалі свае сяброўскія сувязі ў афіцыйным пагадненні. Варанаўчане з радасцю запрасілі расійскіх сяброў на сваё брэндавае свята.

«Мы вельмі ўражаныя, — падзялілася меркаваннем намеснік кіраўніка адміністрацыі Сечанаўскай муніцыпальнай акругі Ніжагародскай вобласці Ірына Макарава. — У райцэнтры адкрылі вельмі цікавы цэнтр, прысвечаны беларускаму драніку, рыхтуюцца навучаць дзяцей, праводзіць экскурсіі. Гэта прыклад таго, як трэба захоўваць народныя традыцыі. Само свята проста цудоўнае, усё цікава і смачна, людзей шмат, атмасфера выдатная. Мы застаемся і будзем святкаваць разам з варанчанамі да канца дня».

На свяце працуе вялікі фуд-корт, дзе можна пакаштаваць разнастайныя стравы з дзёртай бульбы і выбраць самае лепшае на свой густ. Тое, якое спадабаецца большасці народных дэгустатараў, і стане пераможцам конкурсу.


Госці таксама бавяць час на гульнявой сямейнай пляцоўцы «Дранік-ПІКНІК», у «Горадзе майстроў», удзельнічаюць у спаборніцтвах па сілавым экстрыме «Воранаўскі асілак — 2026», конкурсах хто хутчэй надзяр бульбу і паяданне дранікаў. І, канешне, чакаюць канцэрта з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады і святочнага феерверка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю