На Смаргонскім агрэгатным заводзе, які ўваходзіць у «МТЗ-Холдынг», сёлета пачнуць будаўніцтва новага вытворчага ўчастка ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Аб гэтым паведамляецца на партале выдання «Трактор.бел».
«Участак ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў будзе складацца з ліній нанясення парашковых і вадкіх лакафарбавых матэрыялаў, фасфатавання і цынкавання, а таксама станцыі фізіка-хімічнай апрацоўкі сцёкавых вод», — адзначыў намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы вытворчасці і новай тэхніцы ААТ «САЗ» Дзмітрый ЧЫЖЭЎСКІ.
Вытворчы працэс будзе поўнасцю аўтаматызаваны. Укараненне новай тэхналогіі значна палепшыць якасць, знешні выгляд дэталей, павялічыць іх зносаўстойлівасць, а ў перспектыве дасць магчымасць нарасціць аб’ёмы прадукцыі.
Ужо закуплены ўвесь комплекс тэхналагічнага абсталявання айчыннай вытворчасці для гальванічнай і фарбавальнай ліній, а таксама ачышчальных збудаванняў. Цяпер на прадпрыемстве завяршаюцца праектныя работы. Пад новы ўчастак ствараецца больш за 20 рабочых месцаў. Выйсці на запланаваную магутнасць вытворчасць павінна да 2027 года. Агульны аб’ём інвестыцый у праект перасягне 20 мільёнаў рублёў. Гэта ўласныя сродкі завода і крэдытныя рэсурсы ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».