Top.Mail.Ru

Смецце каля гаражоў: хто вінаваты і што рабіць?

Нагадаць землякам, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а дзе не смецяць, вырашыў неабыякавы гамяльчанін, фотакарэспандэнт Андрэй Феакцістаў і даслаў у СМІ здымкі... смецця на ўскраіне Гомеля. Аказалася, што гэта забруджаная тэрыторыя трапіла не толькі ў аб’ектыў фатографа, але яшчэ раней — у «чорны спіс» гомельскіх эколагаў. Не адкладаючы вырашэнне праблемы, менавіта з гэтага пункта стартаваў першы ў горадзе працоўны дэсант вясновага месячніка па добраўпарадкаванні. Каб рэальна параўнаць, як было і як стала, у рэйд з камунальнымі службамі на прыборку выехала і карэспандэнт «Звязды».


Гэта нешырокая грунтавая дарога каля гаражнага кааператыва і лесапаласы ўздоўж чыгункі і раней патрабавала ўвагі супрацоўнікаў Гомельскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як правіла, аддаленыя нешматлюдныя тэрыторыі прыцягваюць аматараў па-хуткаму пазбавіцца ад буйнагабарытнага бытавога смецця. На адзначанай тэрыторыі на ўскраіне Цэнтральнага раёна Гомеля сітуацыя іншая: на абочынах дарогі сабралася менавіта кінутае смецце. Вось рэальны прыклад, падкрэсліваюць эколагі, што адбываецца, калі кожны неўзаметку мімаходам выкідвае кубак з-пад кавы, пакет, бутэльку.

У канцы восені камунальныя службы раёна ўжо наводзілі тут парадак. Маніторынг у зімовы перыяд правялі супрацоўнікі інспекцыі. Атрымліваецца, бруд, што ўтварыўся, — вынік «дзіравых кішэняў» ці проста безадказнага стаўлення мінакоў толькі за апошнія месяцы.

— Дарога вядзе да найбліжэйшага пасёлка Плёсы, на раку. Побач і чыгуначная станцыя. Адпачывальнікі, дачнікі, якія карыстаюцца гэтай дарогай, мімаходам кідаюць смецце, — патлумачыў сітуацыю начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Цэнтральнага раёна Гомеля Кірыл Юдзін. — З пачаткам веснавога месячніка па добраўпарадкаванні было прынята рашэнне пачаць прыборку ў горадзе з дадзенай тэрыторыі. Ініцыятыву ў навядзенні парадку падтрымалі члены гаражна-будаўнічага спажывецкага кааператыва № 16 Цэнтральнага раёна Гомеля. Задзейнічана і служба камунальнага аўтамабільнага ўнітарнага прадпрыемства па ўтрыманні дарог «ГарСАП», якая садзейнічае прыбіранню і вывазу смецця, — дадаў суразмоўца.

Вельмі непрыемная карціна тут назіралася і ў баку ад грунтоўкі — насупраць уезду ў гаражны кааператыў. Менавіта мясцовыя вартаўнікі адгукнуліся на просьбу ўлад дапамагчы прыбраць прылеглую тэрыторыю агульнага карыстання — участак паблізу разваротнага кальца грамадскага транспарту. Па словах вартаўнікоў гаражнага кааператыва, тут смецце — справа рук вадзіцеляў маршрутных таксі, якія аблюбавалі для стаянкі тэрыторыю каля гаражоў. Сапраўды, такія факты не раз пацвярджаліся, зазначаюць і ў аддзеле ЖКГ раёна.

— Тут пытанне можа вырашыць знак «Стаянка забаронена», таму што маршрутчыкі пад’язджаюць, дзверы адчыняюць, «выцярушваюць» усё смецце з машын, перакусваюць, а потым у лясок па натуральнай патрэбе, — не хаваючы праўды жыцця, абураецца часова выконваючы абавязкі старшыні гаражна-будаўнічага спажывецкага кааператыва № 16 Цэнтральнага раёна Гомеля Ілья Малышчык.

У пацвярджэнне яго слоў тэрыторыю маляўніча пакрываюць рэшткі пластыкавага посуду, бутэлькі, а за гаражамі — шматлікія сляды ад натуральных патрэб.

— Побач канцавы прыпынак грамадскага транспарту, разваротнае кальцо. Ёсць кантэйнеры для смецця, прыбіральня. Дык не, пад’язджаюць, смецяць тут. Падыходжу, раблю заўвагу, адказваюць: «Знака няма, маем права». Мы вельмі просім улады горада вырашыць пытанне са знакам, — ад сябе асабіста і ўсіх карыстальнікаў гаражнага кааператыва звяртаецца Ілья Малышчык.

Магчыма, вырашыць праблему на гэтай тэрыторыі дапаможа і ўзмацненне кантролю. Як звярнула ўвагу намеснік начальніка Гомельскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аліна Плотнікава, для кантролю сітуацыі і ўстанаўлення нядобрасумленных грамадзян, што смецяць на падобных тэрыторыях, прымяняюцца фотапасткі.

— Як правіла, у ліку праблемных месцаў, дзе мы ўвесь час праводзім агляды, — пусткі, тэрыторыі, якія не ахоплены гаспадарчай дзейнасцю. Нагадаем, што за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — штраф да 30 базавых велічынь, а ў дачыненні да юрыдычнай асобы — да тысячы базавых. Таксама разлічваецца шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю ў выніку яе засмечвання адходамі, — падкрэсліла эколаг.

Дарэчы, за час сумеснага рэйду па навядзенні парадку каля ўезду ў гаражы і ўздоўж лесапаласы было сабрана каля пяці тон смецця. Каб прыбраць тое, што пакінулі нядобрасумленныя грамадзяне, прыйшлося «адпрацаваць» тэрыторыю больш чым у два кіламетры. Між тым, пакуль рыхтаваўся матэрыял, гамяльчане перадалі шчырую падзяку камунальным службам горада і эколагам.

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю