Беларус Антон Смольскі стаў пераможцам гонкі праследавання на чацвёртым этапе Кубка Садружнасці па біятлоне ў «Раўбічах», паведамляе БелТА.
На старт мужчынскага пасьюта на 12,5 км выйшлі 40 біятланістаў, у тым ліку 12 беларусаў. На рубяжах у становішчы лежачы Смольскі зрабіў дзесяць дакладных выстралаў з дзесяці, падняўшыся з трэцяй стартавай пазіцыі на другую. На першай стойцы лідар беларускай каманды схапіў два кругі штрафу і апусціўся на чацвёртае месца. Заключную стральбу Антон правёў бездакорна, дзякуючы чаму ўзначаліў гонку. На апошнім крузе Смольскі захаваў лідарства, апярэдзіўшы на восем секунд Савелія Канавалава, які стаў другім.
Тройку прызёраў замкнуў яшчэ адзін прадстаўнік Расіі Карым Халілі, які сёння аказаўся ідэальным снайперам. Топ-15 замкнулі наш Сцяпан Данілаў і Максім Варабей, у дваццатку наймацнейшых трапіў і Мікіта Лобастаў — ён 19-ы. Што датычыцца вынікаў іншых беларусаў, то Дзмітрый Лазоўскі паказаў 29-ы час, Павел Бялько размясціўся следам за ім, Дзяніс Яромаў стаў 32-м, Глеб Арлоўскі — 34-ы, Аляксей Логвінаў, Канстанцін Бабураў і Павел Мацуль занялі месцы з 37-га па 39-е, Віталь Казачонак сышоў.
Фота Віктара ДРАЧОВАМедаль у пасьюце стаў для Смольскага другім у «Раўбічах», напярэдадні Антон узяў бронзу ў спрынце. Раней сёння Ганна Сола заваявала серабро ў гонцы праследавання. Праграму чацвёртага этапу Кубка Садружнасці па біятлоне 25 студзеня завершыць змешаная эстафета. Пачатак — у 13.45.