Як адзначыў у размове з журналістамі першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай СНАПКОЎ, за біятэхналогіямі — будучыня. І будучыня біятэхналогій, па яго словах, звязана не толькі з кармленнем жывёл і вытворчасцю высакаякасных камбікармоў.
«Біятэхналогіі — гэта многія-многія элементы нашага жыцця, якіх мы нават не заўважаем, — канстатаваў першы віцэ-прэм’ер. — Біяраскладальная ўпакоўка, біяраскладальныя медыцынскія вырабы... Гэта біятэхналогіі расліннага паходжання. Прэзідэнт патрабуе ісці яшчэ далей. Біятэхналогіі на аснове расліннага паходжання — гэта і прабіётыкі, і антыбіётыкі. Гэта і біятэхналогіі жывёльнага паходжання. Патрабаванні і задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам на нарадзе, простыя: развіваць далей шлейф практычных прыкладных вытворчасцяў, звязаных з біятэхналогіямі».

Гаворачы аб акупнасці праекта, першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў сучасных рэаліях гэта дастаткова складана спрагназаваць. «Праект можа стрэліць такім чынам, што ён акупіцца на працягу трох гадоў, — заўважыў Мікалай Снапкоў. — Але нам трэба арыентавацца перш за ўсё на няхай і невялікі, але ўнутраны попыт, каб палепшыць эфектыўнасць такіх вытворчасцяў, якія існуюць у краіне».
Першы намеснік Прэм’ер-міністра дадаў, што імпартазамяшчэнне дзеля імпартазамяшчэння непатрэбна. Яно, па яго словах, неабходна дзеля таго, каб палепшыць фінансавы складнік, эфектыўнасць бізнесу, які існуе ў краіне. «Экспартаарыентаванасць з улікам валацільнасці рынку, незразумеласці ў свеце — гэта пытанне іншае, — удакладніў Мікалай Снапкоў. — Калі праект у прынцыпе акупляецца на працягу 13–15 гадоў».
«Ставім задачу — максімальна выйсці на тыя магутнасці, якім адпавядае прадпрыемства»
Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Юрыя ШУЛЕЙКІ, БНБК — амбіцыйны праект нашай краіны. «У некалькі заходаў дзяржаве даводзілася аздараўліваць гэта прадпрыемства, — канстатаваў ён. — Эканамічныя моманты, якія былі на БНБК, урэгуляваныя. Дзяржаўная падтрымка і прынятыя ўрадам рашэнні дазволілі правільна ўкласці крэдытныя грошы, каб прадпрыемства магло існаваць і выконваць свае абавязацельствы. Вытворчая праграма выбудоўваецца так, каб адназначна пагашаць абавязацельствы, якія ёсць на прадпрыемстве».

Намеснік кіраўніка ўрада ўдакладніў, што да Прэзідэнта звярталіся па дадатковую падтрымку, але гэта не звязана з бягучым станам спраў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, а датычыцца перспектыў яе далейшага развіцця. «Гэта будзе накіравана на мадэрнізацыю, удасканаленне, пашырэнне наменклатуры на базе прадпрыемства, якая ўжо існуе», — патлумачыў ён.
Віцэ-прэм’ер указаў на высокую канкурэнцыю ў свеце ў галіне біятэхналогій. «Натуральна, адзін з лідараў — Кітайская Народная Рэспубліка, якая сёння нам і дапамагае карэкціраваць гэты праект, каб атрымліваць патрэбны сабекошт», — заўважыў ён.
Немалую долю магутнасцяў БНБК, па словах намесніка кіраўніка ўрада, займаюць камбікормавыя вытворчасці. «У краіне — найвялікшыя магутнасці, якія могуць забяспечыць нашу жывёлагадоўлю, — канстатаваў ён. — Але паказчык якасці патрэбных кампанентаў камбікорму — акурат задача БНБК. Ставім задачу — максімальна выйсці на тыя магутнасці, якім па сваіх тэхнічных характарыстыках адпавядае гэта прадпрыемства».
Юрый Шулейка дадаў, што на нарадзе ішла размова і пра будучыню БНБК. «Пасылы, якія даў кіраўнік дзяржавы, зразумелыя, — удакладніў ён. — Будзем адпрацоўваць пэўныя тонкія моманты, у якім кірунку ісці. Рабочая група вызначыць мэтазгоднасць гэтых кірункаў у рабоце БНБК. А кіраўніцтву прадпрыемства неабходна яшчэ раз паказаць сваю работу, пераканаць спажыўцоў камбікармоў, амінакіслот, прэміксаў у тым, што сёння гэта эталон якасці».
«Трэба знайсці дэфіцытныя нішы і паспець іх заняць»
Па меркаванні старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра КАРАНІКА, БНБК — гэта сапраўды знакавы праект. Аднак, па яго словах, Беларусь валодае біятэхналогіямі на ўзроўні карыстальніка. «Нам перадалі вытворчую тэхналогію для таго, каб запусціць усе тэхналагічныя працэсы і атрымаць выніковую прадукцыю», — патлумачыў Уладзімір Каранік.

Ён звярнуў увагу на тое, што Акадэмія навук павінна падключыцца, каб асвоіць тэхналогіі на ўзроўні распрацоўшчыка. «Тут ужо неабходна навукова-метадычнае суправаджэнне, накіраванае на павышэнне ўстойлівасці карынебактэрыі, яе прадукцыйнасці, на стварэнне безадходных цыклаў, калі пабочны прадукт аднаго з тэхналагічных працэсаў становіцца сыравінай для наступнага тэхналагічнага працэсу, пераўтвараючыся ў тавар, які лёгка рэалізаваць з добрай маржынальнасцю», — удакладніў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.
Па словах Уладзіміра Караніка, на сённяшні момант для рэдагавання генома ва ўсім свеце часцей за ўсё выкарыстоўваецца тэхналогія CRISPR/Cas9, якой добра валодаюць спецыялісты Інстытута мікрабіялогіі і Інстытута генетыкі, якія ўваходзяць у Нацыянальную акадэмію навук. «Нашых кампетэнцый хопіць, каб забяспечыць навукова-метадычнае суправаджэнне тэхналагічнага працэсу і прапанаваць новыя кірункі і новыя прадукты, укараненне якіх у тэхналогію БНБК дазволіць палепшыць эканамічны складнік гэтага тэхналагічнага працэсу», — адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.
Уладзімір Каранік праінфармаваў, што перад рабочай групай, якая будзе ацэньваць эфектыўнасць перспектыў развіцця біятэхналогій, стаіць задача — выбраць найбольш перспектыўныя кірункі, дзе мы будзем аднымі з нямногіх, хто прапануе гатовы рыначны прадукт, які мае высокія рыначныя перспектывы, высокую маржынальнасць. «Не спрабаваць рабіць тое, што робяць іншыя, і дзе рынак перагрэты, — дадаў ён. — Трэба знайсці менавіта дэфіцытныя нішы і паспець іх заняць. Варта зрабіць так, каб гэты працэс быў стабільны, менш затратны і высокапрадукцыйны. А гэта сапраўды ўжо навуковая задача».