Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў прыняў удзел у 13-м пасяджэнні сумеснай камісіі па развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Ленінградскай вобласці, якое прайшло ў Санкт-Пецярбургу.
Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў прыняў удзел у 13-м пасяджэнні сумеснай камісіі па развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Ленінградскай вобласці, якое прайшло ў Санкт-Пецярбургу.
Мікалай Снапкоў старшынстваваў з беларускага боку, з расійскага — губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка, паведамілі ў прэс-службе Саўміна.
Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў 2024 годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Ленінградскай вобласці ўпершыню за многія гады пераадолеў мяжу ў 1 мільярд долараў і да ўзроўню 2020 года павялічыўся ў 2 разы.
— Ленінградская вобласць займае 7-е месца сярод суб’ектаў Расійскай Федэрацыі па аб’ёме тавараабароту з Рэспублікай Беларусь. Вынікі І квартала 2025 года таксама сведчаць пра рост тавараабароту, — акцэнтаваў Мікалай Снапкоў.
Разам з тым захоўваюцца рэзервы для далейшага нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, забеспячэння яго збалансаванасці.
— У сувязі з гэтым лічу своечасовым правядзенне пасяджэння сумеснай камісіі для выпрацоўкі ўзаемавыгадных кірункаў далейшага супрацоўніцтва, вызначэння дадатковых апорных пунктаў, якія будуць закладзены ў фарміраванне абноўленых двухбаковых праграм гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва на 2026–2027 гады, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка ўрада.
Гаворачы аб актуальных аспектах бягучага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю, Мікалай Снапкоў акцэнтаваў увагу на пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне водападрыхтоўкі і будаўнічым сектары.
За апошнія чатыры гады беларускай арганізацыяй «Палімерканструкцыя» праведзены мантаж больш за 50 станцый водападрыхтоўкі, 5 аб’ектаў знаходзяцца ў працэсе правядзення пусканаладачных работ. У бліжэйшай перспектыве пачнецца рэалізацыя яшчэ 7 праектаў.
— Якасць абсталявання, яго мантаж і сэрвіснае абслугоўванне забяспечваюцца на самым высокім узроўні, — сказаў першы віцэ-прэм’ер.
У будаўнічым сектары беларускімі падрадчыкамі з выкарыстаннем беларускіх матэрыялаў вядзецца ўзвядзенне Высоцкага збожжавага тэрмінала ў Выбаргскім раёне.
Беларусь таксама зацікаўлена ва ўдзеле ў будаўніцтве новых аб’ектаў рознага тыпу, а таксама ў іх праектаванні.
Была закранута і тэма супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы.

— У цэлым нядрэнна ідзе праца па пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання ў Ленінградскую вобласць. Магчымыя дадатковыя кірункі супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы мы абмяркоўвалі неаднаразова, пачынаючы з узаемнага павелічэння паставак прадуктаў харчавання да супрацоўніцтва ў сферы раслінаводства, жывёлагадоўлі, укаранення новых тэхналогій земляробства, у тым ліку з прымяненнем сучасных тэхналагічных рашэнняў, — заявіў Мікалай Снапкоў.
Беларускі бок гатовы нарошчваць свой удзел у праграмах развіцця сельскай гаспадаркі Ленінградскай вобласці і зацікаўлены ў прасоўванні на рынак беларускіх кармоў і прэміксаў для рыбаводчых гаспадарак рэгіёна.
— Адным словам, напрацовак дастаткова, неабходна надаць імпульс пачатку іх хутчэйшай рэалізацыі. На нашу думку, прыйшоў час структураваць супрацоўніцтва ў аграрным комплексе, напрыклад шляхам фарміравання адпаведнай міжведамаснай праграмы супрацоўніцтва, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер.
Абмеркавалі бакі і супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці.
— Пацвярджаем гатоўнасць да далейшых паставак неабходнай дарожнай, камунальнай, кар’ернай, пасажырскай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікі і навяснога абсталявання. Нядрэннымі тэмпамі ідуць пастаўкі ліфтавага абсталявання, — заявіў першы віцэ-прэм’ер.
Мікалай Снапкоў прапанаваў выкарыстоўваць фінансавыя механізмы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь для закупкі беларускай тэхнікі.
На пасяджэнні таксама абмяркоўвалася гуманітарнае супрацоўніцтва: у сферах адукацыі і навукі.
Маргарыта ЗАРОЎКІНА