Бліжэй да наступнага чацвярга — да мінус 30 °C
Як паведаміла першы намеснік начальніка Белгідрамета Таццяна ЧАТЫРКО, нягледзячы на тое, што цыклон ужо значна аслабее, снегапады не спыняцца. Праўда, яны будуць ужо менш інтэнсіўнымі. У той жа час, снег будзе назірацца ў большасці раёнаў краіны плюс парывісты вецер да 14 метраў у секунду, а ноччу па поўначы краіны будзе адзначацца яшчэ слабая мяцеліца. «На дарогах трэба быць вельмі асцярожнымі, таму што на асобных участках — галалёдзіца», — заявіла спецыяліст. Тэмпература паветра днём — 8–13 °C ніжэй за нуль.
Чатырко адзначае, што трэба ўлічваць — пры такім ветры будзе адчувацца даволі моцны мароз. Таму адпраўляючыся на адкрытае паветра, трэба апранацца цяплей.
З нядзелі работнікі Белгідрамета чакаюць узмацнення маразоў. Уначы будзе мінус 11-18 градусаў, а пры праясненнях не выключана паніжэнне тэмпературы паветра да мінус 23 °C. Днём будзе мінус 8—15 °C.
У панядзелак уначы — ад 10 °C марозу па захадзе, да мінус 23 °C — па ўсходзе краіны. Пры праясненнях маразы будуць узмацняцца да 26 °C ніжэй за нуль. Днём — 9—16 °C марозу, і толькі па захадзе краіны (па захадзе Брэсцкай і Гомельскай абласцей) стане адносна цяплей — мінус 6—8 °C.
Чакаецца, што да сярэдзіны наступнага тыдня маразы будуць узмацняцца. Як паведаміла Таццяна Чатырко, ёсць верагоднасць таго, што да чацвярга маразы будуць дасягаць мінус 25-30 °C.
Сяргей КУРКАЧ.