Як азеляніліся нашы паселішчы
Як азеляніліся нашы паселішчы
Год добраўпарадкавання ідзе да завяршэння, і ўжо можна падводзіць некаторыя яго вынікі, у прыватнасці па азеляненні населеных пунктаў, што вялося сёлета асабліва актыўна. Пра дасягненні рэгіёнаў у гэтай сферы расказалі прадстаўнікі абласных прадпрыемстваў і арганізацый.
Як адзначыла кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Юлія Курбацкая, з пачатку рэалізацыі рэспубліканскага плана па Годзе добраўпарадкавання ўжо пасаджана звыш 304 тысяч дрэў і 377 тысяч кустоў, добраўпарадкаваны газоны на 441 га, высаджана больш чым 31 млн кветак. Каб абараніць дарогі ад снежных заносаў і ветравой эрозіі, праводзіцца азеляненне ўздоўж рэспубліканскіх і мясцовых аўтатрас: за 9 месяцаў 2025 года высаджана звыш 29 тысяч дрэў і кустоў.
Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні ўнітарнага прадпрыемства «Мінскзелянбуд» Кацярыны КАРОТКІНАЙ, усяго ў сталіцы было высаджана каля 32 тысяч дрэў і больш як 280 тысяч кустоў — як уздоўж вулічна-дарожнай сеткі, так і на паркавых тэрыторыях.
— Асартымент раслін вызначаны з улікам раяніравання, метадычных рэкамендацый Цэнтральнага батанічнага саду, Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі. Уздоўж вулічна-дарожнай сеткі высаджаны расліны, найбольш устойлівыя да антрапагеннай нагрузкі, а на паркавых тэрыторыях — больш дэкаратыўныя. У тым ліку на гарадской тэрыторыі высаджана больш за 50 тыс. кустовых руж, — расказала спецыяліст.
Вялікі аб’ём работы па азеляненні праводзіцца ў рэгіёнах. Выканаўца абавязкаў намесніка генеральнага дырэктара — начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне ЖКГ» Яўген ВІТРУК адзначыў, што сёлета, з улікам рашэння Брэсцкага аблвыканкама, пры правядзенні Года добраўпарадкавання высаджана больш за 95 тысяч дрэў і 47 тысяч кустоў, 3,5 млн кветак — на гарадскіх тэрыторыях вобласці.
— Уладкавана і адрамантавана звыш 60 га газонаў. У 2025 годзе распрацоўваюцца схемы горадабудаўнічых праектаў, якія ўключаюць азеляненне тэрыторый для Пінска, Бярозы, Драгічына, Жабінкі, Ляхавічаў і Пружан. На 2026 год застануцца тры населеныя пункты: Столін, Ганцавічы і Маларыта, — падзяліўся ён.
У Віцебску штогод распрацоўваецца план па азеляненні, эстэтычным упрыгожванні горада. Сёлета высаджана 2 млн кветак, 8 тысяч дрэў, больш за 4 тысяч кустоў і адноўлена 7 га газонаў. Толькі ў рамках адзінага дня азелянення ў горадзе з’явілася больш чым 3,5 тысячы дрэў і кустоў, расказала дырэктар камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскі Зелянбуд» Валянціна ШАНДЗЮКОВА.
Сёлета ў Віцебску з’явілася вертыкальнае азеляненне на двух мастах у цэнтры горада: на Кіраўскім (звыш 15 тысяч штук кветкавай расады), на Кастрычніцкім (больш за 4 тысячы).
Выкананы задачы, якія былі пастаўлены ў рамках Года добраўпарадкавання, і ў Гомельскай вобласці. Паводле слоў начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла ШАЛУПАЕВА, сёлета ў рэгіёне высаджана больш за 106 тысяч дрэў, каля 62 тысяч кустоў, што прыкладна на 12 % больш, чым планавалі, і ў цэлым на 35 тысяч больш, чым за мінулы год.
— У самім Гомелі пасаджана 32 тысячы дрэў, 15 тысяч кустоў, добраўпарадкавана больш за 7 га газонаў. Вялікая работа праводзіцца і ў раённых цэнтрах, дзе высаджана звыш 8 тысяч дрэў і кустоў. Перавага аддаецца стварэнню насаджэнняў тыповых беларускіх парод: клёнам, ліпам, бярозам, рабінам, дубам і пладовым дрэвам, — растлумачыў ён.
Ствараюцца таксама кветнікі і кветкавыя кампазіцыі. У рэгіёне высаджана 3,5 млн кветак — у тры разы больш, чым летась. Асаблівая ўвага — азеляненню ўчасткаў аўтамабільных дарог. Так, уздоўж рэспубліканскіх аўтатрас было вызначана 12 участкаў для дадатковага азелянення (каля 46 тыс. м2) і 16 — уздоўж мясцовых (прыкадна 4 тыс. м2).
Як адзначыла дырэктар камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» Крысціна АЎТУШКОВА, у 2025 годзе ў абласным цэнтры высаджана больш за 8,2 тысячы дрэў, у тым ліку кампенсацыйных пасадак (замест знішчаных летнім ураганам) — звыш 4,6 тысячы. Высаджана 17,2 тысячы кустоў (кампенсавана 1,6 тысячы). Адноўлена больш за 5 га газонаў і высаджана звыш 1,2 млн кветак. У наступным годзе плануецца аднавіць больш за 5 тыс. га газонаў, высадзіць звыш 1,3 млн кветак, 5,8 тысячы кустоў і больш за 3,4 тысячы дрэў.
У азеляненні, у тым ліку яго фінансаванні, актыўна ўдзельнічаюць грамадзяне і юрыдычныя асобы. Як адзначыла Юлія Курбацкая, толькі падчас рэспубліканскай акцыі «Адзіны дзень азелянення» высаджана звыш 56 тысяч дрэў і 17 тысяч кустоў. Да таго ж сёлета ў Беларусі рэалізоўваецца 90 грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на азеляненне прысядзібных тэрыторый, добраўпарадкаванне дзіцячых і спартыўных пляцовак на агульную суму больш за 2,5 млн беларускіх рублёў.
Лідарамі па выніках за студзень — верасень па пасадцы дрэў з’яўляюцца Брэсцкая (звыш 94 тысяч) і Мінская (звыш 52 тысяч) вобласці. Па пасадцы кустоў — сталіца (звыш 176 тысяч) і Магілёўшчына (звыш 47 тысяч). Па пасадцы кветак першынства належыць Мінску — больш за 10 млн.
Зоя САЛАЎЁВА. Фота БелТА.