Работа органаў прымусовага выканання з кожным годам становіцца эфектыўней. Гэта адзначаюць і самі грамадзяне, якія звяртаюцца па іх дапамогу. Вынікам прадуктыўнай дзейнасці супрацоўнікаў ОПВ сталі станоўчыя паказчыкі па асноўных кірунках. У тым ліку забяспечаны рост памеру спагнаных сум па выканаўчых дакументах, у асноўным гэта запазычанасці па аліментах.
Міністр юстыцыі Яўген КАВАЛЕНКА на пашыранай нарадзе па падвядзенні вынікаў дзейнасці органаў прымусовага выканання ў 2025 годзе і вызначэнні задач на 2026-ы адзначыў, што органы прымусовага выканання — гэта важная частка дзяржаўнай прававой сістэмы: «Ад эфектыўнага выканання рашэнняў судоў залежыць і сацыяльная стабільнасць, і адносіны простых людзей, аўтарытэт дзяржавы і дзяржаўных органаў. Таму мы надаём асаблівую ўвагу дзейнасці органаў прымусовага выканання. Па выніках можна з задавальненнем адзначыць, што органы прымусовага выканання паказваюць станоўчую дынаміку на працягу апошніх гадоў». Па словах міністра, асаблівая ўвага надаецца плацяжам сацыяльнага характару — гэта спагнанні запазычанасці на ўтрыманне дзяцей, колькасць спагнаных сродкаў па аліментах за 2025-ы — 394 мільёны рублёў.
Таксама Яўген Каваленка дадаў, што важным паказчыкам ацэнкі дзейнасці дзяржаўнага органа з’яўляецца колькасць зваротаў грамадзян, якія паступаюць у сувязі з дзейнасцю адпаведных структур. «Адзначаем зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян, што паступілі па пытаннях дзеяння судовых выканаўцаў за мінулы год, на 6 %. Тым не менш агульная лічба зваротаў не меней за 9 тысяч. Гэта сведчыць аб тым, што нам яшчэ шмат трэба зрабіць для таго, каб узаемадзеянне органаў прымусовага выканання паміж судовымі выканаўцамі і грамадзянамі якасна забяспечвалася на месцах і не патрабавала ў будучым накіравання зваротаў», — сказаў міністр.
Акрамя практычнай дзейнасці судовых выканаўцаў, вядзецца работа па лічбавізацыі, скарачэнні дакументазвароту, забеспячэнні эфектыўнай работы і ўкараненні шэрагу навацый.
Надзея ЗУЕВА
Фота дадзена Міністэрствам юстыцыі