Top.Mail.Ru

Фалькларыст расказала пра галоўныя традыцыі Масленіцы

Залацістыя бліны, шумныя гулянні і прадчуванне вясны — Масленічны тыдзень традыцыйна становіцца вельмі яркім і «смачным» перыядам у календары беларусаў. Але за весялосцю хаваецца глыбокі пласт народнай мудрасці і старажытных абрадаў. Пра тое, чаму на Масленіцу нельга сумаваць, якія бліны раней гатавалі ў Беларусі і што насамрэч сімвалізуе спальванне пудзіла, расказала прафесар кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ доктар філалагічных навук, прафесар Ірына Казакова.


— Масленіца — вельмі старажытнае свята. Як змянілася яго ўспрыманне з пераходам да царкоўнага календара?

— Раней нашы продкі адзначалі Новы год вясной, калі ўся зямля абуджалася пасля зімовага сну і абнаўлялася. Гэтае свята адносілася да пачатку вясновага аграрнага календара, але з прыняццем хрысціянства з-за Вялікага посту яно было трохі адсунута да каляднага зімовага цыклу. І ўсё ж такі многія навукоўцы-фалькларысты адносяць яго да вясновага перыяду святкаванняў. Масленіца прывязана да даты Вялікадня — аднаго з галоўных хрысціянскіх свят, і ў той жа час захоўвае моцную сувязь з народнымі абрадамі і традыцыямі. У гэтым — унікальнасць свята.

Яго святкуюць цэлы тыдзень, які называюць Сырнай сядміцай. На гэтым тыдні нельга было есці мяса, але яшчэ можна малочныя прадукты. Так пачыналася паступовая падрыхтоўка да Вялікага посту. Чаму свята такое працяглае? Таму што момант пераходу прыроды ад зімовага да вясновага адраджэння не адбываецца імгненна. Нашы продкі лічылі неабходным правесці абрады, звязаныя з падрыхтоўкай да адраджэння сонца. Яны ўспрымалі час цыклічна і баяліся, што калі ўсе абрады не зрабіць так, як трэба, то сонца не адродзіцца, а жыццёвы цыкл можа перапыніцца. Некаторыя моманты, звязаныя са святкаваннем Новага года вясной, захаваліся ў масленічных абрадах, такіх як вялікія застоллі, абыход дамоў і двароў, памінанне продкаў.

У царкве таксама памінаюць памерлых. Напярэдні Сырнага тыдня святкуецца Усяленская бацькоўская субота, і ў храмах праходзяць службы памінання продкаў. Гэта вельмі важны момант, які расстаўляе шмат сакральных пунктаў у свядомасці людзей. Ён існаваў яшчэ са старажытных паганскіх часоў і перайшоў у хрысціянскую канву свята.

— Як адрознівалася святкаванне Масленіцы ў багатых і бедных людзей?

— Масленіцу святкавалі ўсе. Адрознівалася яна толькі багаццем стала. Больш забяспечаныя сем’і накрывалі вялікія сталы. Лічылася, што калі вы будзеце шчодрым і добрым, то і год пройдзе добра. Зразумела, галоўнай стравай былі бліны. У славянскай традыцыі гэта не толькі сімвал сонца і вясновага цяпла, але і важны элемент памінальнай абраднасці, які сімвалізуе сувязь з продкамі. Беларускія бліны, у адрозненне ад рускіх, былі больш тонкімі і святлейшымі. Іх падавалі з тварагом, маслам, смятанай, варэннем, ягадамі. Больш бедныя сялянскія сем’і пяклі бліны з жытняй і грачанай мукі. Ва ўкраінскай кухні ў першую чаргу падавалі варэнікі з тварагом, запяканкі, сырнікі, пампушкі спецыяльныя.

— Як узнікла традыцыя Даравальнай нядзелі і чаму яна стала кульмінацыяй свята?

— Даравальная нядзеля — вельмі даўняя традыцыя, якая пайшла яшчэ з ранніх хрысціянскіх часоў у Егіпце. Там манахі перад пачаткам Вялікага посту ішлі ў пустыню на 40 дзён і ведаючы, што могуць не ўсе вярнуцца, прасілі адзін у аднаго прабачэння. Пазней гэта традыцыя перарасла ў царкоўны рытуал, неабходны, каб увайсці ў Вялікі пост з чыстым сумленнем, дараваць блізкім і атрымаць дараванне Бога.

— У чым спецыфіка беларускай Масленіцы? Якія ўнікальныя абрады адрозніваюць яе ад рускай або ўкраінскай?

— Масленіца дзеліцца на вузкую (да чацвярга) і шырокую. З панядзелка па сераду можна займацца пэўнай хатняй працай: чысціць, прыбіраць, а ўжо з чацвярга — толькі весяліцца, накрываць сталы, печ бліны і запрашаць да сябе сяброў.

Унікальны абрад «Пахаванне дзеда», які ўваходзіць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, захаваўся на Віцебшчыне. Гэта імітацыя пахавання, але яна мае глыбокі сэнс. У свядомасці старажытнага чалавека — міфалагічнай свядомасці — нічога не існуе само па сабе, усё ўзаемазвязана. Энергія адраджэння прыроды абуджае і самога чалавека да любові і страсці, таму ў масленічных беларускіх песнях сустракаецца досыць шмат эратычных момантаў. Яны звязаны з адраджэннем жыцця, будучым ураджаем, стварэннем сем’яў і працяг роду.

Для абраду «Пахаванне дзеда» пудзіла ў кашулі, зробленае з саломы і ануч, з вусамі і кучаравымі валасамі клалі ў труну, а пасля яго аплаквалі жанчыны, якія казалі, што ён быў вельмі добрым гаспадаром, але любіў гуляць і часта мяняў жанчын. Аплакаўшы дзеда, труну выносілі за вёску і закопвалі ў снег, а ў некаторых месцах спальвалі і попел развейвалі па палях, каб быў добры ўраджай.

На Масленіцу сумаваць нельга было, бо роспач магла наклікаць непрыемнасці. Існавалі і іншыя павер’і: шмат ледзяшоў у масленічныя дні азначалі добры ўраджай, а снег у першы дзень Масленіцы — грашовы год.

Вельмі важным было спальванне масленічнага пудзіла багіні смерці Мараны. Гэта не проста праводзіны зімы, а ахвярапрынашэнне будучай урадлівасці. У вогнішча часта неслі нешта паламанае, старое, непатрэбнае, дапусцім, абрэзак адзення хворага чалавека. Спальваючы пудзіла, можна было спаліць усе непрыемнасці, праблемы і хваробы з надзеяй на новае, светлае, добрае жыццё.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю