Top.Mail.Ru

Спартыўнае свята з касмічным характарам сабрала чэмпіёнаў і іх дзяцей

Казачная спартыўная традыцыя працягваецца. Кожны год Нацыянальны алімпійскі камітэт разам з партнёрамі ладзіць навагодняе свята «Алімпійская ёлка». Алімпійскія чэмпіёны і прызёры, лепшыя спартсмены і трэнеры, ветэраны спорту разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі адпраўляюцца ў казачнае падарожжа, якое сёлета аб’яднала спорт і космас.


Для многіх алімпійцаў удзел у алімпійскай ёлцы — абавязковы элемент святкавання новага года. Алімпійскі чэмпіён па фехтаванні Аляксандр Раманькоў на свята прыехаў з дачкой Аленай і унучкай Міяй. «Гэта свята не толькі для дзяцей. Гэта і для нас радасць і добры настрой. І вялікі дзякуй арганізатарам за гэтую магчымасць, бо Дзед Мароз прыходзіць да нас толькі раз у год», — падзяліўся Аляксандр Раманькоў. Чэмпіён прызнаўся, што і сам да сёння верыць у Дзеда Мароза: па яго словах, з верай у казку жыць лягчэй. 

Нязменна разам са сваімі дзецьмі зараджаюцца навагоднім настроем алімпійскія чэмпіёны Аляксандр і Андрэй Багдановічы, Ала Цупер, Сяргей Мартынаў, Аляксей Абалмасаў. Разам з нашчадкамі свята кожны год наведваюць Марына Літвінчук, Ванэса Каладзінская, Анастасія Мірончык-Іванова, Аляксандр Глеб і многія іншыя спартсмены. 

«Святочная атмасфера пануе яшчэ да пачатку мерапрыемства. І гэта вельмі важна. Як шматдзетны бацька я магу сказаць, што дзяржаўная падтрымка дзяцінства вельмі важная і ў нашай краіне яна вельмі адчуваецца», — заўважыў у размове з журналістамі Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Кіраўнік НАК Беларусі прызнаўся, што кожны новы год загадвае жаданні і падкрэсліў, што калі вельмі старацца, яно абавязкова здзейсніцца. 

НАК Беларусі традыцыйна падключаецца да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і запрашае на свята дзяцей з сацыяльных устаноў усіх абласцей краіны. Таксама гасцямі ёлкі сталі выхаванцы падшэфных дзіцячых дамоў «Белаграпрамбанка», падапечныя дабрачыннага фонду «Дакрананне да жыцця».

«Мы такія розныя, але ўсіх нас аб’ядноўвае сёння наш добры настрой, адчуванне свята, жаданне, каб у наступным годзе свет быў крыху дабрэйшы, у ім было больш цеплыні, а нашы блізкія былі жывыя і здаровыя. Менавіта напярэдадні Новага года ўсе жаданні выконваюцца. Трэба толькі гэтага вельмі моцна захацець і прыкласці максімум сваіх намаганняў. Хачу пажадаць вам у наступным годзе быць такімі ж хуткімі і спрытнымі, дапытлівымі і разумнымі, імкнуцца спазнаваць усё новае. А мы, арганізатары, разам з артыстамі пастараліся падарыць вам сапраўднае касмічнае свята, — сказаў Віктар Лукашэнка, адкрываючы свята. 

Да пачатку прадстаўлення гасцям было чым заняцца. Арганізатары падрыхтавалі шэраг тэматычных спартыўных лакацый, на якіх дзеці маглі праверыць свае разнастайныя здольнасці. А само казачнае прадстаўленне «Навагодняя алімпіяда Дзеда Мароза або Космас наш!» было напоўнена танцамі, песнямі, конкурсамі і стварыла навагодні настрой, як у дзяцей, так і ў іх бацькоў. 
 

Фота НАК Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю