Top.Mail.Ru
9

Спажыўцы ўсё больш актыўна адстойваюць свае правы

За год больш за 11 тысяч зваротаў

У Беларусі пытанні абароны правоў спажыўцоў застаюцца адным з важных кірункаў дзяржаўнай палітыкі. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Юрый ПЫР’ЕЎ, у 2025 годзе міністэрствам, а таксама мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі было разгледжана 

11 348 зваротаў грамадзян. Паводле яго слоў, назіраецца пэўнае павелічэнне колькасці зваротаў, аднак гэта сведчыць пра тое, што людзі ўсё больш актыўна адстойваюць свае правы і не баяцца звяртацца па дапамогу.

Па выніках разгляду зваротаў было вынесена 245 прадпісанняў, складзена 215 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за невыкананне правілаў гандлю, а таксама пададзена 106 іскаў у суд. Найбольшая колькасць зваротаў традыцыйна звязана са сферай гандлю і жыллёва-камунальных паслуг. Як падкрэсліў Юрый Пыр’еў, гэта тлумачыцца перш за ўсё тым, што менавіта гэтымі паслугамі карыстаецца найбольшая колькасць грамадзян.

Сёлета тэма Дня правоў спажыўцоў, вызначаная ў дзяржавах — членах Еўразійскага эканамічнага саюза, гучыць як «У Інтэрнэце як дома: ведай правы, купляй усвядомлена». Па стане на 12 сакавіка 2026 года ў гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь налічваецца 24 892 інтэрнэт-крамы, у якіх працуюць 15 853 суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці (8 426 юрыдычных асоб і 7327 індывідуальных прадпрымальнікаў).

Спажывец, які набывае тавар у віртуальнай прасторы, мае тыя ж правы, што і пакупнік стацыянарнай крамы. Няважна, якім чынам ён набыты, алгарытм звароту з прэтэнзіяй да якасці аднолькавы.

— Па сутнасці, калі тавар не адпавядае патрабаванням, прадавец павінен або вярнуць грошы, або прапанаваць аналагічны якасны тавар, — тлумачыць старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі абароны спажыўцоў Вольга Баранава. — Калі ён адмаўляецца гэта рабіць, законнае права пакупніка — пакінуць водгук і патрабаванні ў кнізе скаргаў. Адмова выдаць яе расцэньваецца як грубае парушэнне закона і спажывец мае права нават звярнуцца ў міліцыю. Можна таксама выслаць прэтэнзію па пошце.

  • — Нядаўна з раёна тэлефанавалі, купілі дарагую скураную сумку, а праз два месяцы гэта скура пачала расслойвацца, — прыводзіць прыклад Вольга Баранава. — Каб высветліць, што адбылося, трэба было правесці экспертызу. Па законе гэта павінен зрабіць прадавец. І, калі будзе даказана, што тавар няякасны, неабходна вярнуць грошы. Калі ён адмовіўся гэта рабіць, экспертызу праводзім мы, кліент яе аплачвае. Калі гэта ўсё ж такі брак, прадаўцу прыйдзецца кампенсаваць пакупніку страты не толькі на тавар, а яшчэ і на экспертызу.

Калі прадавец, нягледзячы на яўны дэфект тавару, не лічыць патрэбным адказаць на запыты спажыўца ні вусна, ні пісьмова, аднавіць справядлівасць можа толькі суд. 

І тут таксама вельмі дапамагае падтрымка спецыялістаў арганізацыі па абароне спажыўцоў.

Цікавімся, са скаргамі на якія тавары і паслугі часцей звяртаюцца спажыўцы. На Магілёўшчыне ў лідарах — паслугі па перацяжцы мэблі.

— На адну такую скаргу амаль два гады сышло, — расказвае Вольга Баранава. — 

З кансультацыямі, дасудовымі перапіскамі, экспертызамі. Адбылося некалькі судовых пасяджэнняў — вельмі доўгі працэс быў. Але мы ўсё ж такі адстаялі правы пенсіянеркі. Дарэчы, за абцяжку канапы з яе ўзялі аж 3 700 рублёў.

На другім месцы пасля мэблі ідзе абутак — трэшчыны на падэшвах, адслаенне пакрыцця, разбурэнне тэкстыльнага слою. З пачатку года арганізацыя правяла 5 экспертыз, чатыры з якіх менавіта па абутку. Яшчэ адна датычылася рэменя, які літаральна пасыпаўся пасля некалькіх разоў карыстання. 

У кабінеце, дзе вядзецца прыём спажыўцоў, сваёй чаргі на экспертызу чакаюць таксама электрачайнік, дзявочы камбінезон, куплены на адной з інтэрнэт-пляцовак, патэльня, змяшальнік...

— Шмат скаргаў і на пыласосы, асабліва на робаты, але хапае і вертыкальных, — звяртае ўвагу юрыст. — Не вытрымліваюць выпрабаванне на якасць і дэталі да іх. 

А яшчэ апошнім часам сталі звяртацца тыя, каму тэлефануюць ашуканцы. Кансультуем іх, як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях.

Міхаіл Данілковіч, Нэлі Зігуля

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю