Спажывецкія выдаткі ў Кітаі захоўваюць стабільнасць да сярэдзіны сямідзённых агульнанацыянальных канікулаў з нагоды Дня ўтварэння КНР. Папярэднія даныя паказваюць на стабільны рост, які адлюстроўвае ўнутраную жыццяздольнасць эканомікі, перадае «Сіньхуа».
У прыватнасці, за першыя тры дні канікулаў, з 1 па 3 кастрычніка, колькасць наведвальнікаў і аб’ём выручкі на 78 буйных гандлёвых вуліцах і ў камерцыйных раёнах, якія знаходзяцца пад маніторынгам Міністэрства камерцыі КНР, выраслі, адпаведна, на 3,4 працэнта і 5,3 працэнта ў гадавым вылічэнні.
Характэрна, што за той жа перыяд праграма трэйд-ін для спажывецкіх тавараў у Кітаі забяспечыла продажы на суму каля 20 млрд юаняў, ёю скарысталіся амаль 3,5 млн спажыўцоў. У прыватнасці, у рамках праграмы было абменена 46 тысяч аўтамабіляў, што забяспечыла продажы новых аўтамабіляў на суму 7,45 млрд юаняў, а таксама звыш 1,5 млн адзінак бытавой тэхнікі коштам 6,5 млрд юаняў і 1,7 млн лічбавых і «разумных» прылад коштам 4,9 млрд юаняў.
Агульнанацыянальныя канікулы з нагоды Дня ўтварэння КНР, таксама вядомыя як «залаты тыдзень», звычайна з’яўляюцца адным з пікавых перыядаў для паездак, турызму і спажывання. Улады прагназавалі, што за сем дзён агульная колькасць міжрэгіянальных пасажырскіх паездак дасягне 2,13 млрд, у сярэднім каля 300 млн у дзень.
Папярэднія даныя сведчаць аб высокім попыце, які захоўваецца: толькі 1 кастрычніка колькасць пасажырскіх паездак па чыгунцы дасягнула 25,2 млн, устанавіўшы аднадзённы рэкорд.
Каб задаволіць рэзка ўзрослы попыт, Кітай павялічыў колькасць цягнікоў на найбольш загружаных маршрутах і адмяніў плату за праезд прыватных аўтамабіляў па хуткасных аўтамагістралях на час канікулаў.
Акрамя таго, Міністэрства культуры і турызму КНР у канцы верасня запусціла агульнанацыянальную месячную кампанію па прасоўванні турызму. Мясцовыя ўлады праводзяць больш за 20 тысяч мерапрыемстваў, якія ахопліваюць наведванне славутасцяў, восеньскія экскурсіі, «чырвоны турызм», адукацыйныя паездкі, начныя мерапрыемствы і знаёмства з мясцовай кухняй, каб пашырыць разнастайную прапанову якасных турыстычных прадуктаў. На працягу месяца таксама будзе выдзелена каля 310 млн юаняў у выглядзе спажывецкіх купонаў і субсідый для стымулявання турыстычнага спажывання.
Мікалай ЛІТВІНАЎ