Top.Mail.Ru

Спектакль-міраж «У пошуках Маленькага прынца» рыхтуюць у Брэсцкім тэатры драмы

У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы (БАТД) 22 кастрычніка пакажуць прэм’еру пастаноўкі «У пошуках Маленькага прынца», паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.


На брэсцкай сцэне гледачы ўбачаць спектакль-міраж паводле матываў аповесці Антуана дэ Сент-Экзюперы. Над яго пастаноўкай і касцюмамі працуе Ілья Ошы (Масква), над сцэнаграфіяй — Сяргей Рабаў (Масква). Відэамастак — Анастасія Макарава (Масква), кампазітар — Анатоль Рып (Волагда). Творчыя задумкі ўвасабляюць артысты Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.

«Мы злучаем драматычны тэатр, тэатр прадмету і пластыку. Брэсцкай публіцы работы Ільі Ошы ўжо знаёмыя. Ён быў харэографам нашага спектакля „Маскарад“. „У пошуках Маленькага прынца“ прызначаны для шырокай аўдыторыі. Гэта спектакль пра веру, пра цуд, пра наша „ўнутранае дзіця“, пра настальгію па дзяцінстве. У гэтай гісторыі блізкае для сябе ўбачаць і дзеці, і дарослыя», — расказалі ў тэатры.


Новы спектакль БАТД — гэта падарожжа па краіне ўяўлення, дзе фантазіі змешваюцца з рэальнымі ўспамінамі, а ў казачных персанажах выступаюць рысы рэальных людзей. Рэпетыцыі артысты пачалі яшчэ ў канцы чэрвеня, і ўжо ў бліжэйшы час публіка зможа ацаніць магію спектакля-міражу.

Пастаноўка ажыццяўляецца пры садзейнічанні Фонду падтрымкі і развіцця тэатральнай адукацыі і Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва — ГІТІС.

Гэта не адзіная прэм’ера сёлетняй восені ў БАТД. У лістападзе гледачам прадставяць драматычную камедыю «Стомленая Венера». А ў снежні свет убачыць навагодняя казка «Снежная каралева» паводле матываў твора Ханса Крысціяна Андэрсена ў інсцэніроўцы Рэнаты Насібулінай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю