Лепшым іграком мінулага ўік-энду стаў малдаўскі паўабаронца Дан Спэтару, які аформіў галявы дубль у прынцыповым процістаянні з брэсцкім «Дынама». У гэтым жа паядынку яго аднаклубнік Андрэй Якімаў эфектным далёкім ударам са штрафнога паразіў вароты брастаўчан, і гэты гол быў прызнаны самым прыгожым у 11-м туры. «Нёман» здабыў валявую вікторыю з лікам 3:1 і, набраўшы 20 ачкоў, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы. У наступным туры падапечныя Ігара Кавалевіча прымуць на сваёй арэне лідара — мінскае «Дынама», у якога 26 заліковых балаў.
Другім ідзе дзеючы чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» (24 ачкі), які пацярпеў у мінулым туры першае паражэнне, уступіўшы футбалістам «Віцебска» з рэзультатам 1:2. У канцы турнірнай табліцы знаходзіцца наваполацкі «Нафтан», у якога ўсяго 3 ачкі, у актыве магілёўскага «Дняпра» 8 заліковых балаў, 9 ачкоў у барысаўскага БАТЭ. Бамбардзірскую гонку ўзначальваюць Цімафей Сіманенка («Гомель») і Яўген Юдчыц («Іслач»), якія забілі па 7 мячоў.