Top.Mail.Ru

Спецатрад і аграрыі ў Светлагорскім раёне ўступілі ў актыўную фазу пасяўной

Ад гароху да кветак сонца

«Ужо набралі абароты і працуем на поўную сілу», — сустракае ў полі галоўны аграном ААТ «Светлагорскі аграсэрвіс» Дзмітрый КАЗАНКОЎ. З самай раніцы і да позняга вечара пасяўная патрабуе поўнага ўключэння: прыняцця рашэнняў, рэакцыі на магчымыя форс-мажоры, а таксама падтрымкі калег. 

Для гэтага на прадпрыемстве створаны спецатрад. Мы даведаліся аб спецыфіцы механізаванага атрада і падыходах да пасяўной аграрыяў Светлагорскага раёна.

З карысцю для ўсіх

Тэхніка выходзіць у поле з самай раніцы. Задачы на дзень зразумелыя кожнаму — ад галоўнага агранома да механізатара. Цяпер няма часу на разварушванне. Абмеркаваць аб’ём работы на дзень, забяспечанасць палівам і насеннем — пяціхвілінка завершана. Усе па жалезных конях — і ў дарогу.

Па ініцыятыве старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана КРУПКО, на базе Светлагорскага аграсэрвісу мінулай вясной быў створаны міжраённы механізаваны атрад для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям рэгіёна. Таксама было перададзена каля 

4 тыс. га сельгасугоддзяў. Гэта дадатковы да асноўнага профілю прадпрыемства кірунак. Сабраны ўраджай — яшчэ адна крыніца даходу і вырашэння вытворчых задач. Пасыл відавочны і па-гаспадарску рацыянальны: максімальна задзейнічаць тэхнічныя рэсурсы з карысцю для сябе і для АПК рэгіёна ў цэлым.

Для калектыву аграсэрвісу гэта другі сезон пасяўной. Днямі спецыялісты ААТ «Светлагорскі аграсэрвіс» ужо набралі высокі тэмп пасяўной кампаніі. Планы на яравую сяўбу тут сур’ёзныя: 150 га гароху, 150 га ячменю, 100 га аўса, кукуруза на зерне 150 га, 100 га шматгадовых траў на насенне.

Зона адказнасці

Усе тэхнічныя і агранамічныя моманты прадугледжаны загадзя. Тэхніка — як з карцінкі. Настрой у калектыве выдатны, што задае тэмп. Зрэшты, з гэтым у дасведчаных механізатараў праблем няма. Кожны разумее зону сваёй адказнасці.

На падвозцы насення — вадзіцель Артур БАРЫС. Схема працуе як гадзіннік. Працэсы максімальна аўтаматызаваны. Кіроўца велікагруза траціць лічаныя хвіліны для дапамогі ў загрузцы збожжа ў сеялку. Усё проста і зразумела, без намаганняў: механізм загрузкі дазваляе значна эканоміць час на гэтым працэсе.

Структура яравога кліну сёлета крыху пераразмеркавана, расказвае Дзмітрый Казанкоў. Спецыяліст са шматгадовым вопытам ведае, разумее і адчувае, на што зрабіць стаўку, які ўчастак для якой культуры будзе больш аптымальным. Так, сёлета скарацілі плошчы гароху — у мінулым сезоне больш за 600 га. Былі насенныя пасевы і на фуражныя мэты. А ў гэтую пасяўную адведзена 100 га пад сланечнік.

— Для нашага рэгіёна гэта не новая культура, у спецыялістаў вопыт ёсць. Таму ўсе гатовы. Хоць менавіта ў аграсэрвісе гэту культуру будзем сеяць упершыню, эксперыментам гэта не з’яўляецца, — падкрэслівае Дзмітрый Казанкоў.

У гістарычным кантэксце

Машынна-трактарны парк Светлагорскага аграсэрвісу ўкамплектаваны высокапрадукцыйнай тэхнікай і агрэгатамі. Атрад аснашчаны энерганасычанымі машынамі. Ужо з пачатку гэтага года рухомы састаў значна абнавіўся. Забяспечанасць кваліфікаванымі кадрамі стапрацэнтная, падкрэсліваюць на прадпрыемстве. Інакш кажучы — спецатрад асаблівага аграрна-тэхнічнага прызначэння, які па сігнале можа адправіцца ў любую гаспадарку найбліжэйшых раёнаў. Канечне, у першую чаргу свае плошчы, але тэхнікі і людзей дастаткова, каб паралельна аказваць дапамогу калегам. Калі ёсць неабходнасць, аказваем падтрымку па падрыхтоўцы глебы, па сяўбе, па нарыхтоўцы кармоў, па ўборцы збожжавых і кукурузы на зерне, унясенні арганікі, рамонце тэхнікі і гэтак далей, гавораць у аграсэрвісе.

Дарэчы, стварэнне міжраённага механізаванага атрада для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям вобласці ў аграсэрвісе лічаць актуальнай мерай з гістарычна абумоўленай базай. Прататыпам такіх фарміраванняў былі машынна-трактарныя станцыі, якія стваралі ў 1930-х гадах у дапамогу працаўнікам сяла яшчэ на заранку калектывізацыі. Фактычна тэма калектыўнай падтрымкі актуалізавана і ў наш час, бо ўраджай кожнай гаспадаркі ідзе ў залік агульнага каравая не толькі паўднёва-ўсходняга рэгіёна, але і ўсёй краіны.

Паводле БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю