Top.Mail.Ru

Спецыяліст Мінпрыроды расказаў аб захаванні біялагічнай разнастайнасці

У гармоніі з прыродай

У мэтах захавання найбольш каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці забяспечваецца функцыянаванне і развіццё сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ). На пачатак года іх было 1355, яны займаюць больш за 1,9 млн га, што складае 9,2 % ад агульнай плошчы краіны. Планава вядзецца работа па павелічэнні іх колькасці і пашырэнні тэрыторыі, якая ахопліваецца.

Адным з эфектыўных інструментаў прыродаахоўнай дзейнасці з’яўляецца вядзенне нацыянальнай Чырвонай кнігі. У канцы сакавіка ўступіла ў сілу пастанова Мінпрыроды, якая скарэкціравала актуальны пералік відаў, што падлягаюць спецыяльнай ахове. Дададзена 13 новых у раздзел дзікіх жывёл і 5 — у дзікарослыя расліны. Выключана адпаведна 13 і 58 відаў. Усяго сёлетняе выданне Чырвонай кнігі ўключае 213 відаў дзікіх жывёл і 310 дзікарослых раслін. Да канца года чакаецца выпуск ілюстраванага пятага выдання, куды таксама ўвойдзе інфармацыя аб месцах насялення, біялогіі, мерах аховы.

У адносінах да рэдкіх відаў распрацоўваюцца планы кіравання і планы дзеянняў па іх захаванні і аднаўленні. На сёння рэалізоўваюцца 30 планаў, якія датычацца дзікарослых раслін, і 13 — па дзікіх жывёлах. Дзякуючы гэтым мерам не толькі захоўваюцца асобныя віды, але і значна павялічваецца іх колькасць. Самы яскравы прыклад — папуляцыя зубра. У мінулым годзе была прынята схема рассялення гэтага звера. Дакумент, заснаваны на навуковых даследаваннях, вызначае прыярытэтныя месцы для яго ўсялення, улічвае раўнамернасць, кармавыя рэсурсы, колькасць.

Станоўчы вынік паказваюць папуляцыі такіх рэдкіх раней відаў, як барсук, рысь і мядзведзь. Паводле слоў Таццяны Жалязновай, сёння налічваецца больш за 2700 асобін барсука, 1600 — рысі і звыш 900 — бурага мядзведзя. Па двух апошніх, з улікам іх патэнцыяльнай небяспекі для чалавека і шкоды для гаспадарчай дзейнасці, навукоўцы ўзгаднілі меры рэгулявання, на іх дазволена кватаванае паляванне.

Сярод пагроз для біяразнастайнасці начальнік упраўлення адзначыла інвазіўныя віды. Не сустракаючы сур’ёзнага супрацьдзеяння, яны захопліваюць новыя тэрыторыі, прыгнятаючы, а то і проста знішчаючы абарыгенную флору і фаўну. Сёння на дзяржаўным узроўні распрацоўваюцца і выконваюцца праграмы па іх ліквідацыі і прадухіленні распаўсюджвання. Улічваючы, што адна з асноўных прычын з’яўлення чужародных відаў — антрапагенны фактар, барацьба з інвазіямі павінна весціся сістэматычна і на ўсіх узроўнях.

Увогуле, скарачэнне біяразнастайнасці — праблема глабальная. Таму на 15-й канферэнцыі краіны — удзельніцы Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці, куды ўваходзіць і Беларусь, прынялі рамачную праграму. Яе мэта, як расказала Таццяна Жалязнова, амбіцыйная — пабудаваць да 2050 года свет, які жыве ў гармоніі з прыродай. Сярод ключавых элементаў 4 мэты і 23 задачы, якія трэба рэалізаваць да 2030 года. Калі ўсе краіны выканаюць узятыя на сябе абавязацельствы, то будучыя пакаленні змогуць паспяхова працягваць устойлівае выкарыстанне кампанентаў біялагічнай разнастайнасці, захоўваючы і прымнажаючы прыродныя рэсурсы, якія папаўняюцца.

Андрэй АКІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю