Небяспечная мода
Электронныя сістэмы курэння часта ўспрымаюцца як бяспечная альтэрнатыва традыцыйным цыгарэтам. Дзякуючы іх даступнасці і наяўнасці араматычных дабавак яны сталі моднымі і папулярнымі сярод падлеткаў. Больш за тое, бацькі самі нярэдка купляюць дзіцяці вэйп, лічачы, што даражэйшае ўстройства не так згубна адаб’ецца на здароўі. Аднак гэта вялікая памылка. Галоўная небяспека выкарыстання электронных сістэм курэння крыецца ў складзе вадкасцяў для іх запраўкі, дзе змяшчаюцца канцэрагены, якія аказваюць негатыўны ўплыў на арганізм падлетка. На сёння поўная забарона на рэалізацыю электронных сістэм курэння ўжо дзейнічае ў больш як 30 краінах, уключаючы Казахстан, Кыргызстан, Туркменістан.
Маркетынг, накіраваны на моладзь
Колькасць падлеткаў, якія кураць традыцыйныя цыгарэты, значна знізілася, але свабодную нішу занялі вэйпы. Як расказала загадчыца аддзялення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Навукова-даследчага інстытута гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі і Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Таццяна ПРОНІНА, з 2004 года ў Беларусі пад кантролем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя праводзіцца глабальнае апытанне сярод дзяцей і моладзі адносна ўжывання тытуню. Яно паказвае (апошняе апытанне было ў 2020 годзе), што 13—15-гадовыя падлеткі кураць у пяць разоў менш, але свабодную нішу занялі вэйпы. Падчас апошняга выпадковага апытання — больш за 4 тысячы дзяцей. З усіх апытаных 15 % прызналіся ва ўжыванні вэйпаў.
Пры гэтым менавіта ўзрост 13–15 гадоў з’яўляецца крытычным: сфарміраваныя да гэтага часу звычкі часта пераходзяць у дарослае жыццё. А частка дзяцей пачынае «парыць» яшчэ ў малодшай школе, таму пачынаць працаваць трэба ўжо ў чацвёртым-пятым класе. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў 2023 годзе прызнала, што агрэсіўны маркетынг электронных сродкаў дастаўкі нікаціну накіраваны менавіта на моладзь.
Што пагражае за курэнне?
У нашай краіне за курэнне «электронак» у забароненых для гэтага месцах нароўні са звычайнымі цыгарэтамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь. Як паведаміў намеснік начальніка аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Васіль ДЗЕМІДОВІЧ, у бягучым годзе за спажыванне вэйпаў у забароненых месцах абвінавачаны 189 падлеткаў, 85 з іх выкарыстоўвалі парагенератар на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, 17 — у інтэрнатах. Мінімальны ўзрост непаўналетняга, якога затрымалі за выкарыстанне парагенератара, — 10 гадоў, гэта быў навучэнец сталічнай гімназіі.
Адказнасць перад законам надыходзіць з 16 гадоў. Калі ж дзіця не дасягнула гэтага ўзросту, то адказнасць за яго нясуць бацькі. У такім выпадку пытанне аб прыцягненні такіх бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці за неналежнае выхаванне сваіх дзяцей разглядае інспекцыя па справах непаўналетніх. Калі дзіця затрымана за спажыванне вэйпа ва неўстаноўленым месцы, гэта таксама з’яўляецца падставай для правядзення індывідуальна-прафілактычнай работы.
Нагадаем, спажываць электронныя сістэмы курэння забаронена ў ліфтах, на дзіцячых пляцоўках, на рабочых месцах, арганізаваных у памяшканнях, і на тэрыторыях спартыўна-аздараўленчых і іншых лагераў, у падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна, на прыпыначных пунктах, пасадачных пляцоўках, ва ўсіх відах грамадскага транспарту, аўтамабілях, калі ў іх прысутнічаюць дзеці да 14 гадоў. Забараняецца выкарыстанне вэйпаў (за выключэннем спецыяльна створаных месцаў) у гандлёвых аб’ектах, цэнтрах і на рынках, у аб’ектах грамадскага харчавання, на пляжах, на тэрыторыях фізкультурна-спартыўных збудаванняў, у вытворчых будынках, у памяшканнях і на тэрыторыях, якія займаюцца дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і ўстановамі, у памяшканнях аэрапортаў і чыгуначных станцый.
З’явіцца адказнасць за ўцягванне дзяцей
За злачынствы з вэйпамі сёлета ўзбуджана ў адносінах да падлеткаў некалькі крымінальных спраў. Для таго каб займець жаданую прыладу, яны нярэдка ўчыняюць крадзяжы, рабаванні, махлярствы і разбоі. Механізм учынення такіх злачынстваў наступны: падлетак у сацсетцы шукае рэкламу аб продажы вэйпа, сустракаецца з прадаўцом і пры візуальным аглядзе тавару ўцякае, завалодаўшы ім. Крымінальная адказнасць за гэта прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
За продаж непаўналетнім вэйпаў у краіне таксама існуе адміністрацыйная адказнасць, санкцыя за якую прадугледжвае штраф да 20 базавых велічынь.
У мінулым годзе праваахоўнікамі выяўлена 75 нядобрасумленных прадаўцоў, якія грэбавалі гэтай нормай.
Васіль Дземідовіч праінфармаваў, што прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні адміністрацыйнай адказнасці за ўцягванне дзяцей ва ўжыванне вэйпаў, у тым ліку шляхам пакупкі прылад для іх. Санкцыя гэтага артыкула будзе прадугледжваць пакаранне да 15 базавых велічынь.
Тым часам ва ўстановах адукацыі вядзецца маштабная прафілактычная работа, накіраваная на тое, каб падлеткі разумелі шкоду электронных сістэм курэння. Сёлета распрацавана адзіная класная гадзіна для падлеткаў і дзяцей, а таксама метадычныя, інфармацыйныя матэрыялы, відэаролікі, якія можна знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале.
— Матэрыял падабраны дастаткова інтэрактыўны. Можна правесці ў любой даступнай для дзяцей рознага ўзросту форме класную гадзіну, растлумачыўшы ім усё аб наступствах выкарыстання вэйпаў для арганізма, — расказала начальнік Цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія адукацыі» Людміла ФІЛІПОВІЧ.
Алена КРАВЕЦ