Спецыялісты вучэбна-трэніровачнага цэнтра Беларускай атамнай станцыі наведалі Балакоўскую АЭС, дзе абмяняліся вопытам па падтрымцы і развіццю кампетэнцый інструктараў ВТЦ. Абмяркоўваліся пытанні кваліфікацыі інструктарскага персаналу, тэхнічнага абсталявання і арганізацыі навучальнага працэсу. Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялога з прадстаўнікамі аддзела агульнай падрыхтоўкі Балакоўскай АЭС. Аб гэтым піша БелТА.
«Наша атамная станцыя заўсёды гатова абмяняцца вопытам — гэта важнейшы інструмент прафесійнага росту. З 1993 г. працуе вучэбна-трэніровачны цэнтр Балакоўскай АЭС, і за гэты час мы набылі шмат станоўчых практык. Са свайго боку мы аказалі максімальную падтрымку беларускім калегам. Пазнаёмілі з методыкамі і навучальнымі праграмамі. У прыватнасці, з тэматыкай навучання, напрамкамі дзейнасці інструктараў ВТЦ і практыкамі павышэння іх кваліфікацыі. Бо менавіта ад кампетэнцый інструктараў у многім залежыць прафесійная падрыхтоўка персаналу», — адзначыў начальнік аддзела агульнай падрыхтоўкі персаналу ВТЦ Балакоўскай АЭС Дзяніс Бяссонаў.
На працягу двухдзённага візіту прадстаўнікі Беларускай АЭС пабывалі ў навучальных класах і лабараторыях ВТЦ Балакоўскай АЭС, а таксама пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай навучальнага цэнтра. «Уразіла ўсё, што тут убачыў. У прыватнасці, прымяненне інавацыйных тэхналогій, мультымедыйных сістэм, якія ўкаранёны ў працэс навучання. Спадабалася практыка правядзення конкурсу сярод інструктараў на найлепшы навучальны матэрыял як варыянт для вызначэння кампетэнцый інструктараў. Такі конкурс нам таксама будзе карысны. Мы атрымалі шмат карыснай інфармацыі для ўдасканалення нашай дзейнасці», — падкрэсліў інструктар аддзела падрыхтоўкі персаналу тэхнічнага абслугоўвання і рамонту ВТЦ Беларускай АЭС Аляксей Марчанка.
«Займаюся падрыхтоўкай персаналу па ахове працы, таму гэтая тэма мяне цікавіла ў большай ступені. Вельмі ўразіў клас па падрыхтоўцы персанала па радыяцыйнай бяспецы. Праект рэалізаваны на высокім узроўні. Таксама вывучылі размеркаванне напрамкаў работы сярод інструктараў агульнай падрыхтоўкі і правядзенне конкурсу сярод змен блокавага пункта кіравання. Упэўнены, вопыт балакоўскіх калег дасць магчымасць значна палепшыць нашу працу», — адзначыў вядучы інструктар аддзела агульнай падрыхтоўкі ВТЦ Беларускай АЭС Аляксандр Бялаўскі.
Прадстаўнікі ААП ВТЦ Балакоўскай АЭС адзначылі высокі ўзровень прафесіяналізму беларускіх калег і дружалюбны характар узаемадзеяння, які склаўся падчас візіту.
Фота з адкрытых крыніц