Доўгачаканае цёплае лета нарэшце наступіла. Хочацца праводзіць яго актыўна і з карысцю, пры гэтым не варта забываць і аб бяспецы. Спякота — нябачны фактар стрэсу для нашага арганізма. Спецыялісты ў сувязі з гэтым нагадваюць: выкананне простых правілаў зберажэ ад бальнічнага ложка і дазволіць атрымліваць асалоду ад лета па-сапраўднаму.
Хто ў групе рызыкі?
Намеснік галоўнага ўрача 1-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі горада Мінска Наталля Філонава расказала, для якіх катэгорый людзей летняя спёка можа быць асабліва небяспечная.
У групу рызыкі ўваходзяць асобы з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы і пажылыя людзі. Асаблівую ўвагу важна надаваць таксама дзіцячай бяспецы, таму што здольнасць адаптавацца да рэзкіх змен тэмпературы ў іх значна ніжэйшая, чым у дарослых.
«Гэта таксама людзі з залішняй масай цела, — пералічыла спецыяліст. — Знаходжанне на адкрытым сонцы небяспечна сур’ёзнай нагрузкай на іх сардэчна-сасудзістую сістэму. Неспрыяльна ўплывае спякота на пацыентаў з цукровым дыябетам. Зразумела, тыя людзі, якія не п’юць дастатковую колькасць вады, — менавіта абязводжаны арганізм таксама моцна пакутуе ад перагрэву».
Цяжэй за ўсё, па словах урача, прыходзіцца гіпертонікам і сардэчнікам. «Спякота правакуе ў іх скачкі артэрыяльнага ціску, пачашчанае сэрцабіцце, дрэннае самаадчуванне. Людзі адчуваюць недахоп паветра, здушэнне ў грудзях. Могуць узнікаць рэзкія болі ў вобласці грудной клеткі. Усё гэта — неспрыяльнае ўздзеянне гарачага надвор’я», — адзначыла Наталля Філонава.
Спазм сасудаў можа справакаваць не толькі спякота, але і рэзкі перапад тэмпературы. Аматары ныраць у халодную ваду ў летні перыяд могуць сутыкнуцца з сардэчным прыступам. Перад тым, як лезці ў вадаём, рэкамендавана пасядзець у цені, а пасля паступова заходзіць у ваду.
У пацыентаў з хваробамі органаў дыхання ў сваю чаргу можа праявіцца адчуванне рэзкага недахопу паветра.
Што рабіць, калі атрымалі сонечны ўдар
Спякота часцей за ўсё выклікае небяспечныя станы — цеплавы ці сонечны ўдар. Без своечасова аказанай дапамогі гэта можа закончыцца інсультам, комай і нават смяротным зыходам.
Да сімптомаў перагрэву адносяцца раптоўны галаўны боль, галавакружэнне, мышачная слабасць. У пацыентаў можа павышацца тэмпература цела, узнікаюць мышачныя спазмы, пацямненне ў вачах, страта прытомнасці і іншыя. «Калі вы назіраеце, што ў чалавека цеплавы або сонечны ўдар, рэкамендуецца перамясціць пацярпелага ў цень, вызваліць яго ад цеснага адзення, расшпіліць рэмень, уключыць вентылятар ці выкарыстаць нейкія падручныя сродкі — газету або кнігу. Пастарацца хутка астудзіць арганізм, пакласці холад на галаву. Таксама неабходна аднавіць страту вадкасці ў арганізме — напаіць пацыента вадой, салодкай гарбатай або спецыяльнымі салявымі растворамі», — параіла спецыяліст.
Рэкамендацыі для ўсіх, хто хоча правесці гарачае лета без наступстваў для здароўя:
- скараціце час знаходжання пад прамымі сонечнымі промнямі. Выходзячы на вуліцу, не забывайце адзяваць галаўны ўбор, адзенне светлых тонаў і з натуральных тканін;
- тыя, хто любіць праводзіць час на дачы, — плануйце перыяды работ да 11:00 і позна ўвечары. Падчас працы на агародзе рабіце перапынкі;
- тэмпературу кандыцыянераў пажадана ўстанаўліваць не ніжэй за 24-25 градусаў. Калі яго няма, пастаўце вентылятар з ёмістасцю вады, якая, распыляючыся патокам паветра, на 2-3 градусы знізіць тэмпературу ў памяшканні;
- піце як мага больш вадкасці, але не ледзяной, а ахалоджанай. Адмоўцеся ад газіраваных напояў, скарыстайцеся пры жаданні мінеральнай вадой з багатым утрыманнем калію, кальцыю або магнію. Піце кефір і іншыя малочныя прадукты, зялёны гарачы чай, морс, кампот з сухафруктаў. Сокі лепш ужываць у разведзеным выглядзе. Адмоўцеся ад алкаголю;
- не перанагружайце сябе фізічнай актыўнасцю;
- прымайце кантрасны душ;
- аддавайце перавагу ўжыванню гародніны, садавіны, нятлустай рыбы, адмоўцеся ад прыёму тлустай і салёнай ежы;
- памятайце, што купацца на вадаёмах лепш за ўсё днём да 11:00 або пасля 17:00 увечары.
Не забывайце, што ў гарачае надвор’е здароўе залежыць выключна ад нашай уважлівасці да яго.
Яна ВАЛАСАЧ