Госці мерапрыемства азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі работы класа, ліцэісты прадэманстравалі навыкі кіравання БЛА і прынялі ўдзел у спаборніцтвах па кіберспорце. На адкрытых пляцоўках прайшлі заняткі па самба і сілавых практыкаваннях, а таксама кіраванні дронамі. Сярод спартыўных навінак гэтага года — 9-метровы скаладром. Для дасягнення максімальнага выніку міністр даручыў наладзіць цеснае ўзаемадзеянне з Акадэміяй МУС і зрабіць працэс навучання яшчэ больш практыкаарыентаваным.
Падчас адкрытай размовы з бацькоўскім актывам Іван Кубракоў папрасіў дзяліцца праблемамі, задаваць любыя пытанні і ўносіць прапановы аб развіцці ўстановы адукацыі. Таксама міністр унутраных спраў звярнуў увагу кіраўніцтва ліцэя на шэраг канкрэтных напрамкаў, якія знаходзяцца ў яго на кантролі. Гэта ў тым ліку паляпшэнне элементаў адзення і абутку ліцэістаў, пытанні харчавання і медыцынскага абслугоўвання дзяцей.
Асобная тэма — падрыхтоўка адзінаццацікласнікаў да паступлення ў ведамасныя ВНУ. Іван Кубракоў даў даручэнне арганізаваць рэгулярныя наведванні ліцэістамі розных факультэтаў Акадэміі МУС, дзе больш паглыблена знаёміць іх з будучай прафесіяй. А таксама заклікаў больш актыўна прыцягваць бацькоў да ўдзелу ў розных мерапрыемствах ведамства.
«У МУС надаецца вялікае значэнне развіццю ліцэйскай адукацыі, — падкрэсліў у размове з журналістамі кіраўнік міліцэйскага ведамства. — 10 гадоў таму пачыналі з невялікага будынка, а ў 2020-м свае дзверы адчыніла сучасная ўстанова адукацыі з камп’ютарнымі класамі апошняга пакалення, магчымасцю навучацца кіраванню беспілотнікамі, займацца плаваннем і іншымі відамі спорту. Сталічны ліцэй працягваў рухацца наперад, і ў нейкі момант убачылі, што запыт грамадства на такую адукацыю расце. Звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з прапановай адкрыць аналагічную навучальную ўстанову ў Магілёве. Прэзідэнт ідэю падтрымаў: калі хлопцы жадаюць вучыцца ў ліцэі МУС, ім трэба даць такую магчымасць па ўсёй краіне. Сёння конкурс у абодва ведамасныя ліцэі вельмі высокі, даходзіў да пяці чалавек на месца».
Па словах Івана Кубракова, ліцэісты, курсанты падаюць выдатны прыклад аднагодкам, паказваючы, што такое патрыятызм, любоў да Радзімы. «У нас цудоўная моладзь, гатовая вучыцца, набываць новыя веды. Яны гатовы зрабіць усё, каб у роднай Беларусі былі мір і парадак», — рэзюмаваў ён.
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 10-годдзю Спецыялізаванага ліцэя МУС, завяршыліся святочным канцэртам у Палацы Рэспублікі
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС