Top.Mail.Ru

Спікер і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працавалі на добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплекса «Разгром»

Дэпутацкі корпус на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам падчас Рэспубліканскага суботніка працаваў на мемарыяльным комплексе «Разгром», размешчаным у самай глыбінцы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Там парламентарыі высадзілі 238 дрэў, прыбралі тэрыторыю ад лістоты, ачысцілі плітку ад травы і моху, аддалі даніну памяці вядомай партызанскай брыгадзе. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да важнага мерапрыемства.


Мемарыяльны комплекс «Разгром» быў адкрыты ў 1975 годзе. Ён размешчаны ў гушчы лесу — на мяжы Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Урочышча «Стрыева» — гэта месца апошняй дыслакацыі вядомага партызанскага злучэння — брыгады «Разгром». Яе байцы ў гады Вялікай Айчыннай знішчылі 300 фашысцкіх цягнікоў і амаль 15 тысяч нацыстаў. Перад пачаткам мерапрыемства па добраўпарадкаванні група дэпутатаў усклала кветкі да помніка параненаму салдату. 

«Такія памятныя месцы трэба ўтрымліваць ва ўзорным стане»

У дзень Рэспубліканскага суботніка групы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў працуюць адразу на некалькіх аб’ектах. Пра гэта расказаў журналістам Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА: «Наша група працуе сёння ў Смалявіцкім раёне. Гэта месца, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны дыслакавалася партызанская брыгада „Разгром“. Мы прынялі рашэнне ўзяць шэфства над гэтым аб’ектам і ўжо не ў першы раз працуем тут разам з кіраўніцтвам Смалявіцкага раёна і Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Другая група дэпутатаў сёння працуе на пасадцы лесу ў Маладзечанскім раёне, трэцяя — ва Уздзенскім раёне. Акрамя таго, дэпутаты сёння арганізавана працуюць у сваіх выбарчых акругах ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны». 

Спікер Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што гэта далёка не першы суботнік у яго жыцці: «Вядома, былі цікавыя аб’екты падчас работы ў Адміністрацыі Прэзідэнта. У свой час мы ўзялі шэфства над мемарыялам спаленай вёскі „Літавец“ у Дзяржынскім раёне. Я ўпэўнены, што гэтыя традыцыі зараз падтрымліваюцца калектывам Адміністрацыі Прэзідэнта. І сёння працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні, грамадзяне працуюць на добраўпарадкаванні іншых населеных пунктаў, пасадцы лесу, іншых будаўнічых аб’ектах. Але, напэўна, гэта памятнае для ўсяго беларускага народа месца ўсё ж такі асаблівае. Тут у гады Вялікай Айчыннай вайны дыслакаваліся амаль дзве тысячы партызан». 

Ігар Сергяенка нагадаў, што да 1943 года партызаны нашай краіны кантралявалі 60 % агульнай тэрыторыі, было сфарміравана 30 партызанскіх зон, 213 партызанскіх брыгад і 245 партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі самастойна: «І гэта партызанская брыгада, якая была сфарміравана ў 1942 годзе, кантралявала тэрыторыю фактычна чатырох раёнаў: Смалявіцкага, Чэрвеньскага, Барысаўскага і Бярэзінскага. Яна наносіла ўдары па варожых камунікацыях і гарнізонах, удзельнічала ў рэйкавай вайне. Была тут і свая збройная майстэрня, і свой шпіталь, і нават сяржанцкая школа падрыхтоўкі кадраў». 

Спікер Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што Міншчына ўнесла свой значны ўклад у перамогу над фашызмам: «Усёй краіне вядомыя імёны такіх партызанскіх кіраўнікоў — Герояў Савецкага Саюза, як Казлоў, Лівенцаў, Варвашэня, Бельскі, Мачульскі. Іх імёны ўвекавечаны ў назвах вуліц горада Мінска і па ўсёй краіне. А колькі ж яшчэ было простых камандзіраў, байцоў...» 

Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў партызанскай брыгадзе «Разгром» ваявалі людзі розных нацыянальнасцяў: «Гэта і воіны-акружэнцы, якія фарміравалі гэтыя атрады, і мясцовыя жыхары, партыйныя кіраўнікі. Дарэчы, тут жа і дзейнічаў Мінскі міжраённы падпольны райкам партыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэта было буйное злучэнне, якое размяшчалася ў цяжкадаступным месцы, сюды і нага фашыста нават не даходзіла. Складана ўявіць, якіх неймаверных намаганняў варта было выйсці з балота пасля шматгадзіннага пераходу, выйсці на камунікацыі, спланаваць і нанесці ўдар праціўніку, правесці канкрэтную аперацыю. Таму такія памятныя месцы трэба ўтрымліваць ва ўзорным стане. У нас у краіне гэта якраз і робіцца. Трэба пастаянна даглядаць за гэтымі месцамі, прыводзіць сюды людзей, моладзь». 

Паводле слоў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, суботнікі заўсёды асацыююцца з вясной: «Яны заўсёды пачынаюцца ў красавіку, калі абуджаецца прырода, калі пачынаюцца першыя парасткі зеляніны. І, вядома ж, хочацца прыбраць усё тое, што назапасілася ў зімовы перыяд — смецце, бруд і многае іншае. Хочацца таксама пасадзіць дрэва, якое дае жыццё ўсяму чалавецтву. Другі немалаважны складнік — суботнікі аб’ядноўваюць людзей, гуртуюць іх. На суботнікі выходзяць розныя людзі ў розных населеных пунктах краіны: дзеці, моладзь і людзі больш старэйшага ўзросту. Гэта выдатная традыцыя. Іх, суботнікі, трэба праводзіць не толькі ў красавіку. У Год добраўпарадкавання трэба правесці як мінімум два Рэспубліканскія суботнікі, а то і больш», — падагульніў Ігар Сергяенка. 

«Работа па добраўпарадкаванні праводзіцца на пастаяннай аснове»

Мемарыяльныя комплексы і пад’езды да іх знаходзяцца ў зоне асаблівай увагі лясгасаў. Пра гэта журналістам заявіў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр КУЛІК: «У дзяржлесфондзе знаходзяцца сотні помнікаў. Яны ставіліся менавіта там, дзе былі партызанскія атрады, брыгады, дзе былі расстрэлы. Усе яны ўзятыя на ўлік органамі мясцовай улады, лясніцтвамі, лясгасамі. І работа па добраўпарадкаванні праводзіцца на пастаяннай аснове. Як даручаў Прэзідэнт, сёння ні адзін манумент, ні адзін абеліск не забыты, не закінуты, усе яны знаходзяцца ў эстэтычным, дагледжаным выглядзе. Дарогі і лес, якія падыходзяць да іх, заўсёды ў зоне нашай павышанай увагі. І вельмі прыемна, што заканадаўчая ўлада на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам сёння прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні гэтага манумента». 

Міністр падкрэсліў, што суботнік — гэта даўняя, добрая традыцыя, якая не забытая з савецкіх часоў: «І сэння ў ім бяруць удзел тысячы чалавек. Як адзначаюць генеральныя дырэктары ляснога ведамства, ужо інструментаў нават не хапае. Таму мы сёння прыкладаем усе намаганні, падвозім пасадачны матэрыял. Удзел у Рэспубліканскім суботніку бяруць з дзясятак міністэрстваў, дзве палаты парламента, не кажучы ўжо пра райвыканкамы, сельсаветы і саміх работнікаў лясной гаспадаркі. Гэта сапраўды добрая традыцыя, якая захавалася. Таму гэту справу неабходна працягваць, тым больш у Год добраўпарадкавання». 

«Гэтыя лясныя сцежкі, якія знаходзіцца ў глыбінцы Смалявіцкага раёна, ніколі не зарастуць»

Член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ паведаміла, што сёння дэпутацкі корпус Міншчыны сумесна з Палатай прадстаўнікоў на чале з Ігарам Сергяенкам праводзіць суботнік на Смалявіцкай зямлі: «Я сама родам са Смалявічаў, таму для мяне гэта мерапрыемства ўяўляе асаблівую значнасць. Мы цяпер знаходзімся якраз у партызанскіх мясцінах, дзе дыслакавалася брыгада „Разгром“. У імя Перамогі, у імя вызвалення нашай краіны гэтыя людзі, партызаны, нашы суайчыннікі, зрабілі ўсё магчымае і немагчымае. Гэтыя дзве тысячы партызан разграмілі больш за 14 тысяч нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пусцілі пад адхон каля 300 цягнікоў, эшалонаў, разграмілі каля 30 танкаў. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб наступіла доўгачаканая перамога».

Самае галоўнае, паводле слоў сенатара, што гэтыя лясныя сцежкі, якія знаходзіцца ў глыбінцы Смалявіцкага раёна, ніколі не зарастуць. Наша памяць будзе заўсёды жывая, мы заўсёды будзем памятаць і рабіць усё для таго, каб гэтыя месцы ўтрымліваліся ў добрым стане, дадала яна. 

«Пакуль мы захоўваем свае традыцыі, мы можам быць спакойныя за пераемнасць пакаленняў»

Сёння мы пачалі сапраўды гістарычны суботнік, прысвечаны 80-годдзю Перамогі. Такім меркаваннем падзяліўся член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Юрый МАРЭЦКІ: «І мы даём старт усім суботнікам. Яны пойдуць у кожную вёску, у сельскую мясцовасць, у гарады. Мы, вядома ж, з трапятаннем знаходзімся сёння на гэтай зямлі. Тут у гады вайны было шэсць партызанскіх атрадаў, якія пераходзілі ў брыгаду. І гэтая брыгада наносіла значны ўрон нацыстам, знішчыла больш за 14 тысяч гітлераўцаў. Фашысты цалкам спалілі ўсе мясцовыя вёскі, і людзям нічога не заставалася, як ісці сюды, у балота. Спадзяюся, што сюды і далей будуць прывозіць моладзь, а сцежка, якая расце ў гэтым лесе, ніколі не зарасце. Мы заўсёды будзем памятаць пра гераічны подзвіг нашых продкаў». 

Як паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ, правядзенне суботнікаў у нашай краіне стала добрай традыцыяй: «І гэта вельмі важна! Пакуль мы захоўваем свае традыцыі, мы можам быць спакойныя за такі важны складнік для нашай дзяржавы, як пераемнасць пакаленняў. А калі мы будзем перадаваць гэтыя добрыя традыцыі з рук у рукі, будзе і далей жыць наша дзяржава. Кожны грамадзянін нашай краіны павінен унесці свой уклад у тое, каб наша выдатная, прыгожая, унікальная Беларусь стала лепшай і прыгажэйшай. Рэспубліканскі суботнік для нас — гэта сапраўднае свята і выдатная традыцыя». 

Паводле слоў дэпутата, на такіх мерапрыемствах пануе выдатная атмасфера: «Яна і не можа быць іншай, — прызналася яна. — Ды і хіба важнае надвор’е на вуліцы? Галоўнае — каб выдатнае надвор’е было ў душы, каб быў выдатны настрой. Гэта важна для таго, каб ствараць і рабіць нашу краіну лепшай».

На думку члена Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Таццяны ЛАЎРЫНОВІЧ, суботнікі — гэта добрыя мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць людзей: «Мы працуем разам, і, як кажа Прэзідэнт, наша галоўная сіла — у адзінстве. І сёння мы прыехалі сюды ў такім цудоўным настроі, каб аддаць даніну беларускай зямлі, добраўпарадкаваць, навесці парадак, стварыць дадатковую прыгажосць і ўтульнасць. Удзел у такіх знакавых мерапрыемствах, па сутнасці, наш прамы грамадзянскі абавязак». 

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю