Top.Mail.Ru

Спікеры палат Нацыянальнага сходу сустрэліся з дэлегацыяй Парламента краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна

«Каб разумець адзін аднаго, мы павінны супрацоўнічаць і ў эканамічным плане»

Па запрашэнні Нацыянальнага сходу Беларусі 22-24 красавіка нашу краіну з афіцыйным візітам наведвае дэлегацыя Парламента краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (ПАРЛАЦІНА) на чале са старшынёй Парламента гэтых краін Раланда Патрысіа Гансалесам. У чацвер з гасцямі з далёкай Лацінскай Амерыкі сустрэліся спікеры абедзвюх палат беларускага парламента.

Вітаючы госця на беларускай зямлі падчас сустрэчы ў вузкім складзе ў Палаце прадстаўнікоў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падкрэсліў, што наша краіна падтрымлівае адносіны практычна з усімі краінамі Лацінскай Амерыкі. «Мы можам весці размову аб развіцці нашых эканамічных кантактаў — у сферы прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі. 

Думаю, што вопыт Беларусі будзе запатрабаваны ў многіх краінах Лацінскай Амерыкі. Мы як парламентарыі можам таксама супрацоўнічаць на ўзроўні народнай дыпламатыі», — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама выказаў салідарнасць з краінамі Лацінскай Амерыкі, якія развіваюцца ва ўмовах знешняга дыктату, і выказаў падтрымку народам гэтых дзяржаў.

Вітаючы гасцей у Савеце Рэспублікі, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што ў Беларусі ўстанавіліся добрыя адносіны з многімі краінамі Лацінскай Амерыкі, што сведчыць аб высокім узроўні палітычных адносін: «Але мы выдатна разумеем, што для нас вельмі важна гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Такія візіты спрыяюць далейшаму ўзаемадзеянню паміж нашымі парламентамі, а роля парламентарыяў у сучасным свеце значна вырасла».


Наталля Качанава запэўніла, што Беларусь заўсёды гатова да супрацоўніцтва з усімі краінамі свету, якія нацэлены на тую палітыку, што праводзіць наш Прэзідэнт. «Гэта, перш за ўсё, суверэнітэт і незалежнасць кожнай краіны, магчымасць развівацца ў адпаведнасці са сваімі традыцыямі і дзеючымі законамі», — звярнула ўвагу спікер.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што парламентарыі павінны прасоўваць і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. 

«Каб ведаць і разумець адзін аднаго, мы павінны супрацоўнічаць яшчэ і ў эканамічным плане. І мы з задавальненнем адзначаем, што за мінулы год тавараабарот паміж краінамі Лацінскай Амерыкі і Беларусі вырас на 28 %. Гэта добры вынік, але мы павінны і ў далейшым працаваць для таго, каб эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ўмацоўвалася», — рэзюмавала Наталля Качанава.

Па выніках сустрэчы ў шырокім складзе ў Палаце прадстаўнікоў бакі выступілі з заявай для СМІ. Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў у заяве ад беларускага боку адзначыў, што візіт парламенцкай дэлегацыі падкрэслівае цікавасць Беларусі, краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна да ўзаемнага супрацоўніцтва. «Сёння былі абмеркаваны найважнейшыя бакі паглыблення гэтага супрацоўніцтва. Заснавана яно на ўзаемнай дружбе і павазе, — звярнуў увагу Вадзім Іпатаў. — Ва ўмовах турбулентнасці мы яшчэ раз падкрэслілі, што маем вельмі шмат агульных падыходаў і поглядаў, звязаных з суверэнітэтам і незалежнасцю краін, неўмяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржаў. З эканамічнага пункту гледжання, гэта таксама вельмі важны базіс развіцця краін. І тут Беларусь мае адпаведныя дасягненні, і мы гатовы дзяліцца вопытам з нашымі калегамі ў розных сферах».


Парламент краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна гатовы адстойваць сумесна з Беларуссю прынцыпы міжнароднага права. У сваю чаргу старшыня ПАРЛАЦІНА Раланда Патрысіа Гансалес у сваёй заяве для прэсы адзначыў, што відаць практычна поўнае супадзенне з пазіцыяй Беларусі па многіх пунктах. 

«З тым, як сябе пазіцыянуе Беларусь, мы цалкам згодны і гатовы сумесна працаваць над захаваннем міжнароднага права, супраць аднабаковых мер, якія прымяняюцца да некаторых дзяржаў», — сказаў ён.

Акрамя таго, бакі абмеркавалі канкрэтныя пункты далейшага ўзаемадзеяння для пашырэння супрацоўніцтва. Акрамя абмеркавання палітычных пытанняў, ішла размова аб развіцці супрацоўніцтва ў адукацыі, навуцы. Бакі звярнулі ўвагу на вялікую колькасць планаў для далейшай рэалізацыі.


Старшыня ПАРЛАЦІНА адзначыў, што для яго вялікі гонар наведаць Беларусь, асабліва ў сувязі са значнай датай — дзесяцігоддзем з моманту, як Беларусь стала наглядальнікам у ПАРЛАЦІНА.

«Я хацеў бы падзякаваць за запрашэнне і адзначыць, што з сённяшняга моманту, нягледзячы на велізарную геаграфічную дыстанцыю, якая ёсць паміж нашымі кантынентамі, гэту дыстанцыю мы будзем адчуваць значна менш. Нашы сустрэчы нас сёння зблізілі», — сказаў ён.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю