Споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Міхася Сеўрука, мастака, які нарадзіўся ў Варшаве, значную частку жыцця правёў у Вільні, а затым жыў і працаваў у Нясвіжы, дзе і знайшоў спачын. Жывапісца, графіка, гравёра лічаць класікам беларускага мастацтва, хоць, зразумела, імя яго гучыць з вуснаў не толькі беларусаў.
Між тым жыццё і творчасць Міхася Сеўрука з’ядананы найперш з беларускай зямлёй: нават вучыўся спачатку ў Нясвіжскай гімназіі. А ў 1927 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя на факультэт прыгожых мастацтваў (тут даследчыкі заўсёды падкрэсліваюць: быў вучнем Фердынанда Рушчыца, Аляксандра Штурмана, Людаміра Сляндзінскага, знаходзяць прыкметы іх уплыву на творчасць жывапісца).
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1932 годзе і да пачатку Другой сусветнай вайны Міхась Сеўрук жыў у Вільні, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і культурным жыцці горада — прадстаўляў свае работы на выстаўках, з’яўляўся адным з арганізатараў Віленскага таварыства мастакоў, у якое ўваходзілі, напрыклад, Пётр Сергіевіч і Язэп Драздовіч. Між тым браўся ледзь не за любую работу — грошай не хапала і тады, і пазней, таму і афармляў шыльды і вітрыны магазінаў, пісаў партрэты на заказ, а яшчэ, дарэчы, рабіў роспісы ў інтэр’ерах касцёлаў.
З 1939 года Міхась Канстанцінавіч жыў у Нясвіжы, дзе выкладаў маляванне і чарчэнне ў агульнаадукацыйнай школе і кіраваў мастацкай студыяй пры Доме культуры. Сёння многія творцы з удзячнасцю згадваюць свайго настаўніка. І былыя вучні, і ўсе тыя, хто цікавіцца творчай спадчынай мастака, не абмінаюць у Нясвіжы кватэру-музей Міхася Сеўрука, якая адкрылася ў 1996 годзе (дом № 38 па вуліцы Садовай).
Міхась Сеўрук стаў членам Саюза савецкіх мастакоў БССР з 1946 года. Шмат ствараў, у прыватнасці, працаваў над вокладкамі часопіса «Калоссе», кнігі вершаў Максіма Танка «На этапах» і зборніка Рагора Шырмы «Наша песня». У розных калекцыях, у тым ліку прыватных, у Беларусі і за мяжой захоўваюцца яго работы. Вялікая колькасць — якраз у кватэры-музеі ў Нясвіжы.
Не стала мастака 14 сакавіка 1979 года. Пры жыцці Міхась Сеўрук так і не атрымаў шырокага прызнання — ніводнай персанальнай выстаўкі, ігнараванне савецкай уладай, бадай, таму, што не абраў сацрэалізм сваім творчым метадам. Жыў да таго ж дастаткова далёка ад Мінска, культурнага цэнтра Савецкай Беларусі. Многія ўспамінаюць яго як сціплага чалавека. Прайшоў час — спадчына мастака стала нацыянальным здабыткам. Гэтаму паспрыялі і знакамітыя вучні Міхася Канстанцінавіча, якія дбалі аб тым, каб жывапісец і графік не быў забыты, каб створанае ім было ўпісана ў гісторыю айчыннага мастацтва. Дарэчы, Леў Гумілеўскі, адзін з выхаванцаў Міхася Сеўрука, разам са сваім сынам Сяргеем зрабіў барэльеф творцы, які ўсталявалі на яго магіле ў Нясвіжы.
Міхась Сеўрук быў неабыякавы да жанравай карціны і пейзажа. Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць: раннім работам уласцівы рамантызм, мастак імкнуўся ўславіць прыгажосць у розных яе праявах. Тым часам больш познія творы характарызуюцца дасканалым малюнкам, абагульненасцю вобразаў, скульптурнай аб’ёмнасцю форм. Аднак і тут не заўсёды абыходзілася без узвышанай прыгажосці. Часам можа здацца, што мастак набліжаўся да сацрэалізму, але гэта ілюзія — так званыя «праграмныя», у тым ліку познія работы, сярод якіх — «На ўборцы буракоў» (1936), «Жніво» (1937), «Новы дом» (1968), супярэчаць такому дапушчэнню. Сапраўды, Міхася Сеўрука больш за ўсё цікавіла жыццё простага чалавека, прадстаўніка свайго часу, свайго народа.