Top.Mail.Ru

У «Стайках» вызначаюць наймацнейшыя медыякаманды Беларусі

Сёння ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» па-сапраўднаму шматлюдна — больш за 500 прадстаўнікоў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі сабраліся разам, каб адкрыць рэспубліканскую спартакіяду «Здароўе» работнікаў сферы Міністэрства інфармацыі. Атмасфера тут зараджае энергіяй: на старце — 20 каманд, якія гатовы да спорту, эмоцый і сапраўднай каманднай барацьбы.


У «Стайкі» з’ехаліся прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных медыя з усіх куткоў краіны, арганізацый сістэмы Міністэрства інфармацыі, а таксама прэс-службаў дзяржаўных органаў. Геаграфія шырокая, настрой — баявы, а галоўнае — усе тут свае, у адным страі.


Урачысты старт спартакіяды распачаўся з параду ўдзельнікаў — і гэта было сапраўднае свята! Пад апладысменты гледачоў на пляцоўку выйшлі каманды Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, горада Мінска, вядучых рэспубліканскіх медыя і арганізацый галіны. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў. 

«У нас не проста свята спорту, не проста свята здаровага ладу жыцця — у нас свята згуртавання галіны дзеля адзінай мэты», — падкрэсліў ён.


Уладзімір Пярцоў асобны акцэнт зрабіў на тым, наколькі важна сёння трымацца разам не толькі на тэрыторыі спорту, але і ва ўсіх абласцях прафесійнай дзейнасці.

«Трымаць абарону ў гэтай інфармацыйнай вайне не толькі словам, але і справай», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, і гэтыя словы знайшлі жывы водгук у публікі.

Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук у сваю чаргу назваў спартакіяду добрай традыцыяй, якую ў рэдакцыях чакаюць цэлы год. 


Ён падкрэсліў, што каманды падышлі да спаборніцтваў з усёй сур’ёзнасцю: не шкадавалі сіл на трэніроўках, асвойвалі розныя дысцыпліны — і сёння гатовыя даказаць сваю моц на пляцоўцы.

«Я ўпэўнены, што толькі разам мы ў гэтай інфармацыйнай складанай вайне зможам атрымаць перамогу», — заявіў міністр. 


Спартыўная праграма спартакіяды — сапраўдны выпрабавальны палігон: прадстаўнікі медыя змагаюцца ў валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, лёгкаатлетычным кроссе і перацягванні каната. І гэта толькі пачатак!

На два дні рэдакцыйныя клопаты саступілі месца спорту, дружбе і сапраўднаму азарту. Імёны тых, хто паднімецца на п’едэстал, стануць вядомыя 30 жніўня. Менавіта тады адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых каманд — і будзе яшчэ адна перамога, якая запомніцца на доўга. Традыцыйна ў спартакіядзе прымае ўдзел і «Звязда».



Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю