Найлепшая спартсменка 2025 года па панкратыёне — пра тое, як спалучаць ударную тэхніку і жаноцкасць
Аміна Драбянкова — вучаніца 9 класа гімназіі № 2 горада Барысава. На яе рахунку — ужо аматарскі рэкорд у змешаных баявых майстэрствах, тытулы чэмпіёнкі Кубка свету і Еўропы па тхэквандо, бронзавай прызёркі Кубка свету і Еўропы па кікбоксінгу, званне найлепшай спартсменкі 2025 года па панкратыёне сярод дзяўчат.
Панкратыён — старажытны від адзінаборстваў, які спалучае ўдарную тэхніку і барацьбу. Ён уваходзіў у праграму антычных Алімпійскіх гульняў, а сёння развіваецца як сучасны аматарскі і прафесійны спорт. Наперадзе ў дзяўчыны — галоўны старт, чэмпіянат свету па панкратыёне, які пройдзе 25–30 лістапада ў Баку. Аб шляху ў спорт, кумірах і цане перамог — у нашым інтэрв’ю.

— З чаго пачалося захапленне адзінаборствамі? Ці памятаеш момант, калі вырашыла, што хочаш займацца менавіта кікбоксінгам або тайскім боксам, рукапашным боем, а не танцамі ці плаваннем?
— Усё пачалося ў дзяцінстве. Мы з татам глядзелі UFC 207, дзе адбыўся бой паміж Рондай Роўзі і Амандай Нунес. Паглядзеўшы гэты паядынак, я дакладна зразумела, што хачу займацца адзінаборствамі, а не танцамі ці плаваннем. Мой спартыўны шлях пачаўся з тхэквандо, затым я перайшла ў змешаныя баявыя майстэрствы.

— Раскажы пра свайго трэнера...
— Мой трэнер — Віталь Шараві, адзін з самых важных людзей у маім жыцці. Ён падтрымлівае мяне не толькі ў спорце, але і ў жыцці, і заўжды верыць у мяне.
— Якія мэты ты ставіш перад сабой на бліжэйшую будучыню?
— На дадзены момант у мяне адна галоўная мэта — выйграць чэмпіянат свету па панкратыёне ў Баку. Цяпер цалкам сканцэнтравана на падрыхтоўцы да гэтага турніру.

— Ці ёсць у цябе кумір у свеце адзінаборстваў або ў спорце наогул?
— Пётр Ян і Дакота Дзітчава. Мне вельмі падабаецца стыль вядзення бою Пятра Яна: у яго надзвычайны бокс, ён вельмі ўпэўнена працуе ў стойцы і ніколі не здаецца. А Дакота Дзітчава для мяне прыклад таго, як дзяўчына можа дамінаваць у ММА. Мне вельмі падабаецца яе база тайскага бокса, ударная тэхніка і тое, як спартсменка заканчвае баі.
— Ці бываюць моманты, калі хочацца ўсё кінуць?
— Безумоўна, асабліва калі нешта не атрымліваецца. Але ўсё роўна іду на трэніроўку, нават калі не хачу ці мне лянота. Разумею, што спорт — гэта праца, і праз пэўны час усе мае старанні абавязкова акупяцца.
— Спорт адымае час у сяброў і вучобы. Як удаецца гэта сумяшчаць і як да твайго захаплення ставяцца блізкія?
— Калі па-сапраўднаму чагосьці хочаш дасягнуць, то заўсёды знойдзеш час і сілы сумяшчаць спорт і добрую вучобу. Я сумяшчаю вучобу з трэніроўкамі, якія праходзяць у іншым горадзе. Мае бацькі станоўча ставяцца да спорту і ўвесь час мяне падтрымліваюць. Што да сяброў, то са старымі знаёмымі ў нас даўно разышліся інтарэсы. Таму ўсе сябры, якія ёсць у мяне цяпер, гэта спартсмены.

— Як думаеш, чаму дзяўчаты радзей прыходзяць у адзінаборствы?
— З-за страху стаць менш жаноцкімі. Але гэта ўсяго толькі стэрэатып, спорт ніяк не перашкаджае заставацца дзяўчынай. Асабіста для мяне важна сумяшчаць у сабе жаноцкасць і сур’ёзны падыход да трэніровак.
— Ці ёсць пэўны «рытуал» перад боем?
— Я ў іх не веру. Мой галоўны настрой — гэта цяжкая праца. Упэўнена, што калі ты выкладваешся на трэніроўках на 100 % і верыш у Бога, то вынік абавязкова прыйдзе.
... Праз пяць гадоў Аміна бачыць сябе прафесійнай спартсменкай у смешаных баявых мастацтвах. Цяпер яна набіраецца досведу ў аматарах, каб потым упэўнена выйсці на прафесійны ўзровень. Аміна — прыклад таго, як мэтанакіраванасць і вера ў сваю справу дапамагаюць дабівацца вышынь ужо ў аматарскім спорце.
Паліна САЎЛОЎСКАЯ, студэнтка 1 курса факультэта журналістыкі БДУ