Начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама Максім Варапай расказаў, якія ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам створаны ў сталіцы гэтым летам. З кожным годам яны становяцца ўсё больш разнастайнымі.
«Гараджане масава выбіраюць паркі, набярэжныя і лесапаркі для ранішніх і вячэрніх прабежак. Для жыхароў горада таксама функцыянуе чатыры лыжаролерныя трасы з пунктамі пракату», — адзначыў Максім Варапай.
Акрамя гэтага, да паслуг мінчан — летнія тэнісныя корты і мноства спартыўных пляцовак у дварах, скверах, парках, а таксама на стадыёнах устаноў адукацыі. Усяго ў горадзе налічваецца больш за 380 такіх аб’ектаў, прыстасаваных для самых розных відаў актыўнасці. «Кожны красавік мы праводзім маніторынг і складаем план бягучага рамонту гэтых пляцовак. 80 працэнтаў ужо адрамантавана, і ў жніўні адміністрацыі раёнаў і балансатрымальнікі завершаць астатнія работы, каб жыхары маглі свабодна карыстацца імі», — растлумачыў спікер.
У Мінску працуюць пункты пракату веласіпедаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці, развіта сістэма аўтаматычнага пракату веласіпедаў і электрасамакатаў. «Згодна з канцэпцыяй развіцця веласіпеднага руху, у нас у планах 380 кіламетраў веладарожак. На гэты момант ужо пракладзена 370 кіламетраў», — дадаў ён.
Летняя спартыўная афіша сталіцы насычана масавымі мерапрыемствамі, праектамі і акцыямі, якія прасоўваюць здаровы лад жыцця. Адзін з ключавых — маштабны сацыяльны праект «Спорт для ўсіх», які рэалізуецца сумесна з Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Да канца верасня любы ахвочы можа бясплатна наведваць прафесійныя трэніроўкі больш як па 40 напрамках. Заняткі арганізаваны на шасці пляцоўках у розных раёнах горада.
Яшчэ адна ініцыятыва — рэспубліканскі праект «Марафон 10 000 крокаў», які стартаваў 24 ліпеня. Далучыцца да яго можа кожны. Задача — пераадолець мільён крокаў за 100 дзён марафону, што складае ў сярэднім каля 10 тыс. крокаў за дзень. Гэта дасягальная мэта як для школьнікаў, так і для людзей старэйшага ўзросту.
«У цэлым Мінск прапануе шырокі спектр магчымасцяў для заняткаў фізічнай культурай і спортам у летні перыяд як для аматараў, так і для прафесійных спартсменаў», — падсумаваў Максім Варапай.