Top.Mail.Ru

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Запрацавалі пенсіённыя навацыі, прадугледжаныя Указам Прэзідэнта «Аб сацыяльнай падтрымцы». Адно з самых чаканых новаўвядзенняў — зняцце абмежаванняў памеру пенсій для працоўных пенсіянераў. Яно закране больш за 100 тысяч чалавек, якія да гэтага года атрымлівалі пенсію ў меншым памеры. Са студзеня іх даходы павялічацца — у некаторых да 500 рублёў. Прычым пералік праводзіцца аўтаматычна, таму дадаткова звяртацца ў органы па працы і сацыяльнай абароне не трэба.


Для працоўных — у поўным памеры

Нагадаем, адпаведны ўказ падпісаны кіраўніком дзяржавы 29 кастрычніка мінулага года.

— Гэта адзін з самых комплексных дакументаў па пытаннях пенсіённага забеспячэння, прынятых у бягучай пяцігодцы. Ён накіраваны на павышэнне ўзроўню пенсіённага забеспячэння асобных катэгорый, на спрашчэнне парадку прызначэння і выплаты пенсій, а таксама на аказанне мер сацыяльнай падтрымкі дзецям-інвалідам, шматдзетным маці, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава.

Яна паведаміла, што ў краіне працуюць каля 450 тысяч пенсіянераў. З іх чвэрць, а гэта каля 110 тысяч, — людзі, якія да дасягнення пенсіённага ўзросту мелі больш высокую заработную плату (130 % і больш ад сярэдняй па краіне) і адпаведна індывідуальны каэфіцыент вышэйшы за 1,3. Да 1 студзеня бягучага года яны атрымлівалі пенсію з абмежаваннямі.

— Памер абмежавання ў кожнага быў свой. У залежнасці ад працягласці стажу і заработнай платы да дасягнення пенсіённага ўзросту ён складаў да 500 рублёў, — дадала Алена Гомарава. — З 1 студзеня гэтым людзям пенсія будзе выплачвацца без абмежавання. Калі пенсіянер працуе і ў яго індывідуальны каэфіцыент ніжэйшы за 1,3, то і да 1 студзеня ў перыяд работы ён атрымліваў пенсію ў поўным памеры, таму яна не зменіцца.

Спецыяліст звярнула ўвагу, што павышаная пенсія будзе выплачана ўжо ў студзені. Інфармацыю наконт індывідуальнага каэфіцыента заробку можна ўдакладніць ва ўпраўленні сацыяльнай абароны, таксама яна маецца ў пенсіённых пасведчаннях грамадзян.

Пераразлік пенсій працоўным пенсіянерам праведзены ў аўтаматычным рэжыме, дадаткова звяртацца ў органы па працы і сацыяльнай абароне з гэтай прычыны няма неабходнасці.

— Мяркуем, што рэалізацыя дадзенай меры дазволіць выйсці на рынак працы прыкладна 10 тысячам пенсіянераў, якія ў свой час выйшлі на пенсію і не працуюць. Так яны змогуць павысіць свой даход. Для наймальнікаў гэтая мера дасць магчымасць дадаткова прыцягнуць ці затрымаць на рабоце людзей з вялікім вопытам і высокай кваліфікацыяй, — падзялілася спецыяліст.

Што варта ведаць будучым пенсіянерам?

Некалькі змяненняў тычацца работнікаў, якія толькі збіраюцца выходзіць на пенсію. Перыяд заробку, які ўлічваўся пры вызначэнні памеру пенсіі, да студзеня бягучага года штогод павялічваўся. Калі ў 2000-м годзе ён складаў шэсць гадоў, то ў 2024-м — 30 гадоў. З 1 студзеня бягучага года фіксуецца 30-гадовы перыяд разліку індывідуальнага каэфіцыента заробку і адпаведна пенсіі.

— Такім чынам, праз восем гадоў мы будзем браць інфармацыю пра заробак са звестак індывідуальнага персаніфікаванага ўліку, які дзейнічае з 1 студзеня 2003 года. Да 2003 года заробак неабходна пацвярджаць даведкай, якую выдае работадаўца.

Часта здараюцца выпадкі, што арганізацыя ліквідавана, а работадаўца не здаў дакументы ў архіў ці не захаваў дакументы аб заробку. У такім выпадку да бягучага года пры прызначэнні пенсіі ў такі перыяд зарплата лічылася нулявой, а работніку неабходна было звяртацца ў суд для яе ўстанаўлення. Цяпер такія перыяды можна прапусціць, замяніўшы іх папярэднімі перыядамі. Норма распаўсюджваецца на грамадзян, якія маюць больш чым 30 гадоў стажу работы. Аднак указ не адмяняе і магчымасці звароту ў суд пры жаданні самога работніка для ўстанаўлення заработнай платы.

Яшчэ адна навацыя для будучых пенсіянераў — спрашчэнне працэдуры прызначэння пенсіі. Да бягучага года звяртацца для яе атрымання трэба было ў дзень нараджэння. Новаўвядзенні прадугледжваюць магчымасць звароту па пенсію за месяц да дасягнення пенсіённага ўзросту ці на працягу месяца пасля ўзнікнення гэтага права. Калі пенсіянер прапусціць гэтыя тэрміны, пенсія будзе прызначана з дня падачы заявы. Калі звернецца ў належныя тэрміны — з дня дасягнення пенсіённага ўзросту.

Праз пошту ці праз банк?

Што да спрашчэння парадку выплаты пенсій, указ пашырае катэгорыі асоб, якія могуць атрымліваць іх праз паштовыя аддзяленні. Нагадаем, што з ліпеня мінулага года пераважная большасць пенсіянераў у Мінску, абласных гарадах і раённых цэнтрах атрымлівае пенсіі праз банкі. Праз пошту яе маглі атрымліваць пенсіянеры, старэйшыя за 70 гадоў, інваліды І і ІІ груп, жыхары сельскай мясцовасці. Цяпер гэта яшчэ і людзі з ІІІ групай інваліднасці, асобы з абмежаванай магчымасцю да самастойнага перасоўвання, людзі, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, асобы, якія зарэгістраваны з інвалідам І групы, калі ён атрымлівае пенсію праз пошту. Акрамя таго, атрымліваць пенсію праз пошту можа любы ахвотны пры ўмове самастойнай аплаты паслугі па дастаўцы і выплаце пенсіі.

Што змяняецца для шматдзетных і дзяцей-інвалідаў?

Указ прадугледжвае істотную падтрымку дзяцей-інвалідаў, якія страцілі кармільца. Са студзеня бягучага года да іх пенсіі ўстанаўліваецца павышэнне. Яго памер залежыць ад ступені страты здароўя дзіцяці-інваліда і вар’іруецца ад 80 да 110 % бюджэту пражытачнага мінімуму.

Яшчэ адна навацыя — права датэрміновага выхаду на пенсію бацькам дзяцей-інвалідаў, якія ў адзіночку выхоўвалі такое дзіця не менш за восем гадоў да яго паўналецця. Да 2025 года права на пенсію спачатку павінна была атрымаць маці, а потым пеперадаць яго бацьку. Цяпер такі бацька можа выйсці на пенсію за пяць гадоў да агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту — у 58 гадоў (пры наяўнасці пяці гадоў страхавога стажу і 25 гадоў агульнага стажу).


Ёсць змяненні і адносна страхавога стажу для шматдзетных маці з чатырма дзяцьмі — ён зніжаны з 10 да 5 гадоў. Пры гэтым пенсія будзе прызначацца з агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту.

Да ведама

З ліпеня — на базавы рахунак

Гэтае новаўвядзенне ўступіць у сілу з 1 ліпеня бягучага года і датычыцца пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі праз банкі. Згодна з палажэннямі ўказа, з ліпеня сацыяльныя выплаты, у прыватнасці пенсіённыя, будуць выплачвацца праз базавыя рахункі. Для гэтага пенсіянерам, якія ўжо атрымліваюць пенсіі праз банкі, неабходна да 1 ліпеня бягучага года звярнуцца ў адпаведны банк для пераафармлення свайго бягучага рахунку ў базавы.

Загаловак у газеце: Пенсіённыя навацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю