Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» ствараўся ў Беларусі як пляцоўка, якая дазваляе ўвасобіць у жыццё найбольш перадавыя, інавацыйныя бізнес-ідэі. Што атрымала рэалізацыю ў амаль ужо адышоўшым 2024 годзе і якія задачы ставіць перад сабой на надыходзячы 2025 год самы маштабны сумесны праект Беларусі і Кітая, расказаў «Звяздзе» першы намеснік кіраўніка адміністрацыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Пётр ЯКІМАЎ.
— Пётр Мікалаевіч, чым адметны для парка 2024 год?
— Гэты год быў для парка плённым. Дынаміка прыходу новых кампаній была дастаткова высокай, узраслі паказчыкі дзейнасці рэзідэнтаў. У «Вялікім камені» адкрыты новыя вытворчасці і прайшлі буйныя мерапрыемствы.
— Дынаміка прыходу ў парк новых рэзідэнтаў застаецца стабільнай?
— Так. Сёлета рэзідэнтамі парка сталі 28 новых кампаній, а таксама пяць суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці. Агульная колькасць рэзідэнтаў цяпер складае 140 прадпрыемстваў з капіталам з 13 краін свету. Характэрна, што ў пачатку снежня мы прынялі ў парк адразу пяць кампаній з агульнай сумай заяўленых інвестыцый каля 20 мільёнаў долараў. Гэта прадпрыемствы з капіталам Беларусі, Расіі, Кітая. Іх праекты звязаныя з медыцынай і лагістыкай.
Новыя вытворчасці ў машынабудаванні і медыцыне
— Што з дасягненняў апошняга часу вы назвалі б у ліку важнейшых для развіцця парка?
— На мой погляд, важна, што паказчыкі дзейнасці рэзідэнтаў парка растуць, прадпрыемствы працягваюць прыступаць да дзейнасці, добрымі тэмпамі ідзе будаўніцтва. Па выніках дзевяці месяцаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым на 30 % павялічыліся аб’ёмы вытворчасці — амаль да 640 мільёнаў рублёў. Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг вырасла на 40 % і перавысіла 1 мільярд рублёў. Сумы падаткаў, збораў і плацяжоў павялічыліся на 65 % і перавышаюць 170 мільёнаў рублёў.
У парку ўжо вырабляюць прадукцыю, аказваюць паслугі, вядуць навукова-даследчыя распрацоўкі больш як 50 рэзідэнтаў. Гаспадарчую дзейнасць сёлета пачалі дзесяць новых кампаній-рэзідэнтаў з капіталам з Рэспублікі Беларусь, Кітая і Расіі. Рэзідэнтамі запушчаны вытворчасці інавацыйных друкавальных машын і тэрмапаперы, камп’ютарнай тэхнікі, абсталявання для ацяпляльных сістэм, камплектавальных для модульнага домабудавання, матэрыялаў для ветэрынарыі, створана лабараторыя для вытворчасці рэагентаў. Таксама ўведзены ў эксплуатацыю шматфункцыянальны гасцінічны комплекс на 158 нумароў і комплекс аб’ектаў «Парк SІNOMACH «Факел», які аказвае комплексныя паслугі рэзідэнтам і суб’ектам інавацыйнай дзейнасці «Вялікага каменя». Актыўна вядзецца будаўніцтва. Уведзена ў эксплуатацыю 85 будынкаў і збудаванняў, узводзяцца 20 аб’ектаў, праектуецца 37. Вядуцца работы па будаўніцтве буйнога лагістычнага праекта — чыгуначнага тэрмінала, а ў наступным годзе плануецца распачаць будаўніцтва другога жылога дома на тэрыторыі парка на 173 кватэры.
Рэзідэнтаў і працоўных месцаў стане больш
— Сёлета індустрыяльны парк рэалізаваў і сваю прадстаўнічую функцыю як адзін з цэнтраў дзелавых і навуковых мерапрыемстваў...
— «Вялікі камень» сёлета стаў пляцоўкай для правядзення шэрагу буйных мерапрыемстваў. Адно з іх — сесія Еўразійскага міжурадавага савета з удзелам кіраўнікоў урадаў краін ЕАЭС і іншых дзяржаў, дзе абмяркоўваліся пытанні харчовай бяспекі рэгіёна. Упершыню пляцоўкай для такога маштабнага мерапрыемства стаў новы аб’ект у «Вялікім камені» — «Парк SІNOMACH «Факел». У жніўні адбыўся візіт высокага ўзроўню — «Вялікі камень» наведаў Прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Цян. У парку прайшло і некалькі буйных выставачных мерапрыемстваў. Традыцыйным для нас ужо стала правядзенне ў чэрвені аграпрамысловага форуму «Белагра», які сабраў амаль 500 кампаній-удзельнікаў. Яшчэ ў «Вялікім камені» адбылася выстава кітайскіх тавараў і паслуг, а таксама выстава кітайскага медыцынскага абсталявання. Узоры сваёй прадукцыі прадставілі вядучыя вытворцы медыцынскага абсталявання КНР.
— Якія задачы па развіцці парка «Вялікі камень» цяпер у прыярытэце?
— Мы чакаем, што да канца наступнага года колькасць рэзідэнтаў індустрыяльнага парка «Вялікі камень» вырасце да 170. Плануецца, што колькасць супрацоўнікаў рэзідэнтаў перавысіць пяць тысяч чалавек. Фактычныя сумарныя інвестыцыі ў рэалізацыю праектаў парка складуць 1 мільярд долараў, а экспарт тавараў і паслуг рэзідэнтаў парка ў грашовым вылічэнні — 360 мільёнаў долараў.
Фота Лізаветы ГОЛАД