21 лістапада адзначаецца Сусветны дзень некурэння, які штогод праводзіцца па ініцыятыве Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам. Паколькі ўжыванне нікацінаўтрымальнай прадукцыі, у прыватнасці, электронных сістэм курэння, імкліва расце, асабліва сярод моладзі, у нашай краіне ў лістападзе праходзіць інфармацыйна-асветніцкая акцыя, якая прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў і флэш-мобаў, у тым ліку ва ўстановах адукацыі. Якія яшчэ меры, у тым ліку на заканадаўчым узроўні прымаюцца, расказалі спецыялісты.
Гаворачы пра рызыкі, якія нясе курэнне, загадчык аддзялення грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга БАРТМАН адзначыла, што згодна з заканадаўствам да курэння адносіцца не толькі ўжыванне звычайных цыгарэт, але і электронных сістэм курэння і сістэм награвання тытуню. Менавіта маладое пакаленне схільнае да ўжывання гэтых сістэм: як сведчыць статыстыка, большая частка ўжывання гэтых новых прадуктаў прыпадае на ўзрост ад 18 да 29 гадоў.
— На сёння сабрана шмат даных даследаванняў, і можна сказаць, што яны зусім не бясшкодныя для здароўя. Нікацін не можа быць бясшкодным, паколькі гэта рэчыва, якое выклікае моцную залежнасць. Мне могуць пярэчыць, што не ўсе вадкасці для электронных сістэм курэння ўтрымліваюць нікацін. Разам з тым у склад гэтых вадкасцяў уваходзяць такія кампаненты, як прапіленгліколь, гліцэрына. Падчас парэння выдзяляюцца шкодныя для арганізма рэчывы, якія могуць парушаць работу розных сістэм арганізма, — падкрэсліла Вольга Бартман.
Паводле розных даследаванняў, вынікі якіх прыведзены на пляцоўцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, электронныя сістэмы курэння ўздзейнічаюць на дыхальную, сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадуктыўную, нервовую сістэмы, асабліва ў падлеткаў. У іх ёсць шэраг пабочных эфектаў, а людзі, якія выкарыстоўваюць электронныя сістэмы курэння, у далейшым могуць пераходзіць на звычайныя цыгарэты і станавіцца двайнымі курцамі.
Паводле даследавання сярод вучняў беларускіх школ, разам са зніжэннем курэння сярод гэтай узроставай катэгорыі ўзрасло выкарыстанне імі электронных сістэм курэння. Іх мае 15,1 % вучняў ад 13 да 15 гадоў, прычым дзяўчынак сярод іх больш — 15,5 %.
На заканадаўчым узроўні прымаюцца меры па ўзмацненні жорсткасці ў рэгуляванні гэтай прадукцыі. Вядзецца работа ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза над рэгламентам на нікацінаўтрымальную і безнікацінавую прадукцыю, таксама абмяркоўваецца магчымасць унясення змяненняў у тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю. А на нацыянальным узроўні ў Беларусі распрацоўваецца закон, які аб’яднае рэгуляванне тытунёвай і нікацінавай прадукцыі. Зараз праект праходзіць узгадненні.
Сярод навацый — да забароны рэкламы на вадкасці і тытунёвыя вырабы дадалася забарона рэкламы на самі прыстасаванні. Пашырыцца і пералік грамадскіх месцаў, свабодных ад курэння. Праект прадугледжвае забараніць іх выкарыстанне на ганках шматкватэрных дамоў і інтэрнатаў.
Намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцыянскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Іна САЛДАЦЕНКА звярнула ўвагу, што шмат моладзі ўжывае нікацінаўтрымальную прадукцыю, і гэта нескладана заўважыць, калі прайсці побач са школамі і ўніверсітэтамі.
— На жаль, так склалася, што наяўнасць парагенератара павышае статус падлетка. Той, хто не карыстаецца электроннымі сістэмамі курэння, не такі цікавы ў коле равеснікаў. Нярэдка дарослыя дораць такія сістэмы на дзень нараджэння, лічачы, што гэта бяспечна. З іншага боку, бацькі часта не падазраюць, што дзеці карыстаюцца гэтымі сістэмамі, бо ў адрозненне ад цыгарэт, яны не маюць спецыфічнага паху. Пры гэтым сёння маркетплэйсы прапануюць вялікую колькасць вадкасцяў, якія невядомым чынам адаб’юцца на здароўі. Ужо сёння ў ЗША вылучаны асобны сіндром, які развіваецца пасля працяглага ўжывання электронных сістэм, — расказала Іна Салдаценка, дадаўшы, што канцэрагены — дадатковая глеба для развіцця анкалагічных захворванняў. Пры гэтым кінуць дрэнную звычку цалкам рэальна ў адзін дзень, і такія выпадкі ўрач-анколаг назірае нярэдка, калі пацыентам ставяць анкалагічны дыягназ.
Алена КРАВЕЦ