Top.Mail.Ru

Спусціліся ў бальніцу, якая знаходзіцца на глыбіні 420 метраў пад зямлёй

Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканская бальніца спелеалячэння» ў горадзе Салігорску — гэта ўнікальная медыцынская ўстанова, якая выкарыстоўвае немедыкаментозны метад лячэння ў натуральным падземным спелеакомплексе, размешчаным у калійных рудніках на глыбіні 420 метраў. Бальніца з’яўляецца адзінай у свеце дзеючай установай такога профілю, якая практыкуе лячэнне ў падземных умовах. Для таго каб даведацца, як арганізаваны працэс лячэння ў падземным спелеакомплексе, мы пабывалі ў Салігорску і спусціліся ў шахту


Стабільны мікраклімат і пастаянная тэмпература

«У чым жа асаблівасць лячэння ў гэтай медыцынскай установе?» — пытаюся ў Наталлі ДУБОВІК, загадчыцы пульманалагічнага аддзялення бальніцы.

«Асяроддзе ў шахце аказвае комплекснае ўздзеянне на арганізм чалавека дзякуючы таму, што тут фарміруецца стабільны мікраклімат з пастаяннымі тэмпературай паветра, вільготнасцю. Паветра насычана саляным аэразолем, які пранікае глыбока ў дыхальныя шляхі, лёгкімі адмоўна зараджанымі іонамі. Тут практычна адсутнічаюць мікробы, алергены», — расказвае Наталля Мікалаеўна.

Лячэбны эфект дасягаецца таксама і дзякуючы незвычайным умовам месцазнаходжання чалавека — пад зямлёй. Пацыент абаронены ад агрэсіўнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Ствараецца экраніруючы эфект горнага масіву, што вельмі важна пры сучасным нестабільным экалагічным становішчы. Акрамя таго, на чалавека аказваецца пэўнае псіхалагічнае ўздзеянне.

«У нашых пацыентаў ёсць магчымасць шмат рухацца, займацца дазіраванай хадзьбой. Яны могуць ацаніць стан свайго арганізма да і пасля праходжання спелеалячэння, — гаворыць урач. — Лячэбны эфект знаходжання ў шахце дазваляе знізіць лекавую нагрузку. Гэта не значыць, што чыстае паветра замяняе лекавыя прэпараты. Яно выкарыстоўваецца як дадатак да асноўнага лячэння. Аднак у будучым спелеалячэнне дазваляе зменшыць выкарыстанне лекаў для купіравання прыступаў удушша, колькасць выклікаў хуткай дапамогі і радзей звяртацца да ўрача».

Асноўная колькасць пацыентаў мае захворванні органаў дыхання, большасць з іх пакутуюць ад бранхіяльнай астмы, але ёсць і тыя, у каго хранічны бранхіт, а таксама алергікі.

Бальніца разлічана на 200 ложка-месцаў, большасць з іх — 130 — прадугледжана для лячэння пацыентаў за кошт бюджэтных сродкаў. Для бясплатнага праходжання лячэння пацыенты прыязджаюць сюды па накіраваннях з усіх абласцей краіны.

Хатняя ўтульнасць і стэрыльнасць

Праходзім па ўтульных аддзяленнях бальніцы. Прызнаюся, што спачатку нават цяжка было паверыць, што мы знаходзімся ў шахце. Высокія сцены, якія пераходзяць у арачнае перакрыццё, маюць прыемны ружовы колер, паколькі тут знаходзяцца запасы сільвініту — асадкавай горнай пароды. Уздоўж сцен размешчаны вазоны з кветкамі. Хатняя ўтульнасць створана і ў палатах, кожная з якіх разлічана на чацвёра чалавек. Двое пацыентаў тут знаходзяцца ўдзень і двое — у начны час. 

У кожнай палаце ажыццяўляецца адпаведная падача паветра. Яно праходзіць праз некалькі этапаў апрацоўкі працягласцю 2,5 кіламетра, глыбока ачышчаецца. Адзін раз у год ва ўстанове ажыццяўляецца замена солі.

Праходзім уздоўж більярдных залаў, месцаў для спартыўных гульняў. Футбольнае поле, баскетбольная карзіна, тэнісная сетка — кожны тут зможа выдатна правесці час.

«Паколькі падчас руху задзейнічаны ўсе групы мышцаў, і дыхальныя ў тым ліку, мы рэкамендуем нашым пацыентам хадзіць не менш паўгадзіны у дзень. Яны ахвотна выконваюць нашы рэкамендацыі. Многія ацэньваюць стан свайго арганізма да і пасля праходжання пэўнай адлегласці», — адзначае Наталля Дубовік.

«Усё засталося ў прыемных успамінах...»

Вельмі цікава было даведацца пра ўражанні аднаго з пацыентаў Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння Уладзіміра ШУШКЕВІЧА, жыхара г. Лепеля Віцебскай вобласці:

«Лячэнне ў гэтай бальніцы я праходзіў тры гады запар. Кожны год прыязджаў сюды ў перыяд з другой паловы кастрычніка да першай паловы лістапада. Ад знаходжання ў бальніцы атрымліваў сапраўднае задавальненне. Адна частка пацыентаў спускалася ў шахту ў начны час, а другая — днём. Пацыенты, якія знаходзіліся ў бальніцы ноччу, затым праходзілі дзённыя працэдуры. Цудоўная прырода, спуск у шахту — усё засталося ў прыемных успамінах. Дарэчы, эфект ад праходжання лячэння ў Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння відавочны. У мяне астма, але ніводнага прыступу пасля аздараўлення ў мяне не было».

Прайшоўшы па калідорах бальніцы, мы з калегам адчулі прыемную свежасць паветра. На працягу некалькіх гадзін, праведзеных на глыбіні шахты, мы сапраўды атрымалі прыліў энергіі і новых сіл.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю