Без лішніх клопатаў
Ці ёсць у натарыяльнай справе такое паняцце, як «адно акно»?
Антон, Маладзечна
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ірына ЛАСКЕВІЧ:
— Так, такое паняцце ў натарыяльнай справе існуе. Вы з дакументамі, якія сведчаць асобу, павінны звярнуцца да натарыуса і паказаць канкрэтна, якое натарыяльнае дзеянне жадаеце здзейсніць, дзе і якія звесткі ён павінен запатрабаваць. Згодна з пунктам 1 артыкула 60 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2004 года № 305-З «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», натарыус запатрабуе звесткі і дакументы, неабходныя для ўчынення тых ці іншых дзеянняў, за выключэннем звестак і дакументаў, для выдачы якіх патрабуецца вынясенне судовай пастановы.
Калі спатрэбіцца пісьмовая згода?
Бабуля жадае аформіць кватэру праз дагавор дарэння на ўнука, але невядома, як могуць павесці сябе іншыя сваякі, уключаючы яе сына і двух іншых унукаў. Ці змогуць яны абскардзіць гэта неяк і дзяліць кватэру? Ці патрэбна згода прапісаных там людзей?
Кацярына, Брэст
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:
— Пры засведчанні дагавора адчужэння жылых памяшканняў натарыус запатрабуе пісьмовую згоду паўналетніх членаў сям’і і былых членаў сям’і ўласніка жылога памяшкання, якія пражываюць у ім, грамадзян, якія пражываюць там жа па завяшчальнай адмове, а таксама пісьмовую згоду іншых асоб, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам неабходна для адчужэння жылплошчы.
Што датычыцца права іншых сваякоў на абскарджанне дзеянняў бабулі, то для гэтага павінны быць падставы, прадугледжаныя законам.
Грашовы дагавор — вусны ці пісьмовы?
Мая цётка хоча падарыць мне грошы і аформіць гэта пісьмова. Ці можам мы самастойна заключыць такі дагавор без удзелу натарыуса, а пазней засведчыць у яго?
Вікторыя, Мінск
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ларыса РУДЗЬКО:
— Дагавор дарэння грошай з’яўляецца рэальным дагаворам, таму лічыцца заключаным з моманту перадачы маёмасці (у дадзеным выпадку — грашовых сродкаў).
У адпаведнасці з артыкулам 545 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь ён можа быць заключаны ў вуснай форме, акрамя выпадкаў, калі прадугледжана пісьмовая:
— калі дарыльшчыкам з’яўляецца юрыдычная асоба і кошт дару перавышае больш чым у пяць разоў устаноўлены заканадаўствам памер базавай велічыні;
— калі дагавор змяшчае абяцанне дарэння ў будучыні.
Такім чынам, можна самастойна абраць форму дагавора дарэння — вусную, простую пісьмовую або натарыяльную.
Сумесная ўласнасць для падарунка не падыдзе
Ці можа жонка падарыць мужу аформленую на сябе машыну, якая з’яўляецца сумеснай уласнасцю і набыта па дагаворы куплі-продажу?
Зоя, Лагойск
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:
— У адпаведнасці з артыкулам 27 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і муж і жонка могуць уступаць паміж сабой ва ўсе не забароненыя заканадаўствам маёмасныя здзелкі адносна маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю кожнага з іх.
Такім чынам, жонка не можа падарыць мужу аўтамабіль, аформлены на яе імя, калі ён набыты ў перыяд шлюбу па дагаворы куплі-продажу і з’яўляецца іх сумеснай уласнасцю. Змяніць прававы рэжым маёмасці ў такім выпадку можна, калі заключыць шлюбны дагавор або пагадненне аб падзеле агульнай уласнасці.
Даверанасць можна аформіць і ў Расіі
Мая маці з’яўляецца грамадзянкай Расіі. У Беларусі ў яе ёсць нерухомасць, дзе яна прапісана па праве ўласнасці. Рыхтуецца здзелка аб продажы, але ёй складана прыехаць у Беларусь. Ці можа яна зрабіць у Расіі на кагосьці даверанасць на продаж жылля ад яе імя, а таксама выпіску з дадзенай жылплошчы. Маці зарэгістравана ў Расіі ў сваёй хаце, даведкі ёсць. У Беларусі яна не жыве ўжо 30 гадоў.
Алеся, Смаленск
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Святлана КОЦІКАВА:
— Калі ваша маці з’яўляецца грамадзянкай Расійскай Федэрацыі, для натарыяльнага засведчання, дзяржаўнай рэгістрацыі (засведчання) дагавораў аб адчужэнні, закладзе нерухомай маёмасці, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнаму ўліку, іншых дагавораў або здзелак аб адчужэнні маёмасці яна можа аформіць у натарыуса Расійскай Федэрацыі даверанасць. Пытанне зняцця грамадзяніна з рэгістрацыйнага ўліку не адносіцца да кампетэнцыі натарыуса. Для кансультацыі па гэтым пытанні вы маеце права звярнуцца ў органы па грамадзянстве і міграцыі.
Віктар Любімаў