Штогод у Сусветны дзень тэатра прафесіяналы маюць магчымасць разважаць пра ўніверсальную каштоўнасць гэтага віду мастацтва, а гледачы — пра тое, чым яно можа зачапіць у наш час.
Але і першае, і другое мае значэнне да таго, што сёння найбольш клапоціць тэатралаў розных узроўняў у Беларусі: праца калектываў у новых фінансавых умовах. Калі тэатр гаворыць на ўніверсальнай мове, то можа быць даступны і зразумелы любому чалавеку, галоўнае, каб ён разумеў і адчуваў: гэта пра яго. Тады будзе гатовы хадзіць, глядзець, плаціць. І аплачваць частку выдаткаў тэатраў са сваёй кішэні, — а гэта палова ад іх фінансавання, прынамсі, так мае быць ужо ў гэтым годзе.
Адзін са спосабаў прыцягнення людзей у беларускія тэатры — сучасныя (і актуальныя) пастаноўкі твораў айчынных аўтараў. Лагічна?.. Формула, што працавала паспяхова яшчэ ў савецкія часы, нараджаючы імёны аўтараў п’ес, якія сёння з’яўляюцца класікамі. І насамрэч гэты падыход справядлівы для любой краіны, ён нараджае пласт сучаснай драматургіі, якая адлюстроўвае мары і памкненні цяперашніх людзей — гэтым кранае.
Трэба добра пастарацца, каб знайсці сучасныя творы айчынных аўтараў у беларускіх тэатрах. Да класікі яшчэ звяртаюцца час ад часу. Пра вайну ставяць (у тым ліку паводле айчынных аўтараў), але ж гэта святое. А пастаноўкі пра тое, чым жывуць людзі цяпер, — вялікая рэдкасць. Але калі нешта такое ўзнікае (як шчымлівае «Мроіва» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек), то квіткоў не здабыць — чым не доказ: стаўце пра сваё, і будзе вам шчасце. Але ж дзе ўзяць такое сваё, каб было цікавае, небанальнае, створанае на высокім узроўні, якаснае (бо гэтае патрабаванне насамрэч вырашае ўсё для тэатраў).
Шырокую дыскусію на гэтую тэму распачаў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Насамрэч ёсць пра што разважаць: на пачатак гэтага тэатральнага сезона 28 дзяржаўных тэатраў мелі ў рэпертуары 1166 спектакляў. З іх 243 пастаноўкі паводле беларускіх аўтараў (розных часоў і пакаленняў, на розныя тэмы, у тым ліку патрыятычныя). Каб справа зрушылася, агульнай мэтай аб’ядналіся асобы, датычныя да тэатра кожны ў сваім кірунку. Ці будзе вынік?
Тлумачыць Таццяна Сівец, кіраўнік секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі:
— Мяне дужа ўсцешыла, што міжнародны круглы стол «Роля драматургіі ў сучасным грамадстве», арганізаваны Саюзам пісьменнікаў Беларусі разам з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў у межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, меў вельмі шырокі ахоп удзельнікаў і, што вельмі важна, прыкладны характар. Драматургі, рэжысёры, загадчыкі літаратурных частак тэатраў, прадстаўнікі Міністэрства культуры і Саюза кінематаграфістаў Беларусі, выкладчыкі Акадэміі мастацтваў, крытыкі, зацікаўленыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і госці з Расіі больш за дзве гадзіны вялі канструктыўны дыялог, каб вызначыць канкрэтныя крокі для паляпшэння сітуацыі.
Да якіх высноў мы прыйшлі? Па-першае, трэба пачуць патрэбы і пажаданні гледачоў — Міністэрства культуры праводзіла адпаведнае апытанне сярод тэатраў Беларусі, і вынікі яго будуць пададзены для аналізу секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Па-другое, варта аб’яднаць намаганні драматургаў і рэжысёраў — арганізаваць семінары пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, на якіх творцы змогуць абмяркоўваць канкрэтныя п’есы, дапрацоўваць, каб потым правесці чытанні твораў на сцэне Дома літаратараў. Ёсць прапанова акадэміі мастацтваў праводзіць семінары ў межах вучэбнага працэсу з удзелам прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў. Дарэчы, Аляксей Варламаў, рэктар Літаратурнага інстытута імя М. Горкага, падзяліўся цікавым і карысным досведам, як навучанне драматургаў адбываецца ў Маскве. На дадзены момант я ўкладаю зборнік п’ес сучасных айчынных аўтараў. Усе ўдзельнікі круглага стала, а іх было больш за два дзясяткі, ухвалілі гэтыя захады.