Top.Mail.Ru
1008

Стаў вядомы поўны спіс беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія выступяць на зімовай Алімпіядзе

Стаў вядомы поўны спіс беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія выступяць на зімовых Алімпійскіх гульнях — 2026 у Італіі.


Беларусь на галоўным спартыўным форуме года прадставяць сем спартсменак у пяці відах спорту:

  1. Гарналыжны спорт: Марыя Шканава
  2. Канькабежны спорт: Марына Зуева
  3. Лыжныя гонкі: Ганна Каралёва
  4. Фігурнае катанне: Вікторыя Сафонава
  5. Фрыстайл (лыжная акрабатыка): Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава

Таксама на Алімпіядзе выступяць 13 атлетаў з Расіі ў сямі відах спорту.

Адзначым, спартсмены з Беларусі і Расіі выступяць на гэтых Гульнях у нейтральным статусе.

Нагадаем, Алімпійскія гульні — 2026 пройдуць у Мілане і Карціна-д’Ампеца з 6 па 22 лютага. 116 камплектаў узнагарод будуць разыграны ў 16 відах спорту.

Зімовыя Алімпійскія гульні вернуцца на поўнач Італіі праз 70 гадоў пасля Карціны-1956 і два дзясяткі гадоў пасля Турына-2006. На гэты раз спаборніцтвы прымуць два гарады: гарналыжны курорт Карціна-д’Ампеца і Мілан — эканамічны цэнтр Італіі і сталіца моды.

Спаборніцтвы пройдуць адразу ў трох рэгіёнах. У цэлым плошча 14 спартыўных аб’ектаў складзе 22 квадратныя кіламетры, а раскінуцца яны ад Ламбардыі да Венета, уключаючы правінцыі Трэнта і Бальцана.

Беларуская дэлегацыя на Гульнях-2026 стане самай малалікай. Не ўсе міжнародныя федэрацыі прынялі рэкамендацыі МАК аб допуску атлетаў з Беларусі і Расіі да кваліфікацыі як кіраўніцтва да дзеяння.

У прэс-службе Міжнароднага алімпійскага камітэта раней заявілі, што беларускія і расійскія атлеты не будуць задзейнічаны ў парадзе спартсменаў у час цырымоніі адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года.

Пры гэтым пытанне іх магчымага ўдзелу ў цырымоніі закрыцця на гэты момант застаецца адкрытым.

Нагадаем, што на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе выступалі 32 спартсмены з Беларусі і Расіі. 

Трэба адзначыць, што на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 года ў Пекіне Беларусь прадстаўлялі 27 атлетаў. Па выніках тых спаборніцтваў сярэбраныя ўзнагароды краіне прынеслі біятланіст Антон Смольскі і фрыстайлістка Ганна Гуськова.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю