Top.Mail.Ru

«Стаім, чакаем, не ведаем, што рабіць». Што гавораць вадзіцелі пра сітуацыю на граніцы Беларусі з Латвіяй?

Вадзіцелі велікагрузаў расказалі аб вымушаным прастоі пасля закрыцця адзінага на беларуска-латвійскай граніцы пункта пропуску «Грыгароўшчына», паведамляе БелТА.


Учора ў 23.00 Латвія, спасылаючыся на тэхнічныя прычыны, спыніла рух транспарту праз адзіны пункт пропуску на граніцы з Беларуссю — «Грыгароўшчына» ў Верхнядзвінскім раёне. Цяпер у пункце пропуску ажыятажу няма, у непасрэднай блізкасці ад пераходу з беларускага боку засталіся не больш за 10 машын. У асноўным транспарт займае абочыны дарогі каля пункта электроннай чаргі.

Нурбакыт Наўбетаў з Казахстана з напарнікам, якія едуць у Германію, вымушаны чакаць у пункце пропуску «Грыгароўшчына». У іх у дакументах адзначаны менавіта ён, і нават развярнуцца ў іншы бок яны не маюць права. Стаяць вадзіцелі з Казахстана на беларуска-латвійскай граніцы з самай раніцы. «Перасякаць граніцу нам трэба абавязкова тут, каля Бігосава. Прыехалі мы сёння пад раніцу. Прыязджаем і даведваемся, што граніца ўжо закрыта. Вось цяпер, пакуль не будзе афіцыйнай заявы ад латвійскіх улад, мы не можам адсюль нават развярнуцца. Стаім, чакаем, не ведаем, што рабіць», — расказвае ён.


З такім грамадзянін Казахстана сутыкаецца ўпершыню. «Мы проста не ведалі, што ў Бігосава закрыта. Калі б ведалі, можа, прыдумалі б нешта яшчэ», — адзначае вадзіцель.

«Да панядзелка будзем жалезна стаяць, а там відаць будзе, што скажуць. Астатняе ад нас не залежыць. Самае галоўнае, надвор’е добрае», — расказвае яго напарнік.

Дальнабойшчыкі гатуюць вячэру ў паходных умовах — на газавай гарэлцы варыцца суп. «Гатуем тое, што з сабой бяром звычайна. Бяром заўсёды прадукты ў дарогу, да чаю — цукеркі, хлеб, варэнне. Тут населены пункт далёка, каб цяпер у сталовую кудысьці ісці», — гавораць яны.

Яшчэ адзін з тых, хто чакае каля пункта пропуску — вадзіцель з Беларусі, ён сустракае свайго напарніка з Латвіі. «Я ўжо больш за 12 гадзін стаю, тут напарнік павінен быў у 4 гадзіны раніцы прайсці па электроннай чарзе, але яго з таго боку не прапусцілі», — гаворыць ён, дадаючы, што сувязь з прыяцелем падтрымлівае праз інтэрнэт.


Вопытны дальнабойшчык з такой сітуацыяй сутыкаўся вельмі даўно. «У застойныя часы мы па паўтара месяца маглі стаяць на граніцы з Польшчай. Ужо даўно з такім не сутыкаўся. Еўрапейскія дзяржавы граніцу закрывалі і раней, але каб без папярэджання — такое на маёй памяці ўпершыню. І незразумела, што там на самай справе. Гавораць, тэхнічны збой, а так гэта ці не, ніхто не ведае. Чакаем, калі нешта зрушыцца з месца», — адзначае беларус.

Вадзіцель без сігналу начальства не можа пакінуць месца чакання. «Калі выніку тут не будзе, пераедзем на іншую граніцу — з Літвой, Польшчай, дзе пункты пропуску працуюць. Гэта круг недзе 350 км, калі да Літвы. Як шэф скажа, так і паедзем. Чакаем руху тут. Яны ж як закрылі, так і адкрыць могуць», — дзеліцца дальнабойшчык.

Ён расказаў, што многія з тых, хто прыязджаў раніцай, убачыўшы чаргу і даведаўшыся аб закрыцці граніцы, разварочваліся і ад’язджалі. «А што ім тут лавіць? Нехта яшчэ чакаў нейкі час, але надзею страціў і вырашыў не чакаць», — гаворыць беларус.


Сярод тых, хто чакае, ёсць і грамадзяне Кыргызстана. «Мы з Кыргызстана самі, збіраемся ехаць да сябе. Затрымаліся тут з прычыны таго, што закрылі пункт пропуску з боку Латвіі. У нас там машыны засталіся. Мы ўчора вечарам сюды прыехалі і не можам у Латвію прайсці, каб свае машыны забраць. Дзецца няма куды, сядзім тут, чакаем, у такіх умовах, без нічога. Цяпер вядзём перагаворы паміж сабой, можа, трэба будзе праз Літву заязджаць», — расказваюць яны.

Больш за ўсё іх здзівіла, што ніякай інфармацыі аб закрыцці граніцы загадзя не паступала. «Звычайна папярэджваюць, калі пункт пропуску закрываецца, а тут — тэхнічныя непаладкі. І вось мы думаем, закрылася граніца надоўга ці пакуль тэхнічныя непаладкі не выправяць. Чакаем у надзеі. Хацелі на таксі заехаць туды, а ўжо суткі амаль сядзім тут. Да кожнага падыходзім і пытаемся, хто прыязджае, але інфармацыі няма наогул ніякай. Гаварылі, што да пяці часоў павінны адкрыць граніцу, але безвынікова дагэтуль», — дзеляцца вадзіцелі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю