Нарэшце названая дата адкрыцця нацыянальнага футбольнага стадыёна. Як заявіў намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля, гэта здарыцца 7 чэрвеня. Прадстаўнік ведамства не расказаў, як пройдзе цырымонія. Ён толькі нагадаў, што дагэтуль ёсць абмежаванні на правядзенне міжнародных афіцыйных матчаў у Беларусі. Пра гэта паведамляе Точка.
«Гэтыя пытанні вырашаюць ФІФА і УЕФА, але мы вельмі спадзяемся, што здаровы сэнс пераможа і ў хуткім часе нашы балельшчыкі ўсё ж убачаць міжнародныя паядынкі», — адзначыў Барауля.
Пераносілі не раз
Нагадаем, раней планавалася здаць стадыён да 31 снежня 2024 года. Пазней была названая іншая дата — май 2025-га. Чакалася, што там пройдзе заключны матч Кубка Беларусі, але ў выніку ён адбудзецца ў Гродна.
Дарэчы, на 10 чэрвеня запланавана таварыская гульня паміж зборнымі Беларусі і Расіі.
Самы вялікі стадыён Беларусі
Нацыянальны футбольны стадыён, згодна з праектам, разлічаны на 33 тыс. гледачоў. Ён стане самым вялікім у Беларусі.
Пачалося будаўніцтва арэны ў 2019-м, здача аб’екта пераносілася з 2023-га на 2024—ы, затым — на 2025-ы.
Дарэчы, Мінск атрымае не толькі стадыён. На плошчах новай арэны, згодна з планамі, размесцяцца цэнтр валанцёраў, зала для прэс-канферэнцый, фітнес-клуб, кафэ, музей футбола, а таксама дзіцячы цэнтр.
Футбольны стадыён вышэйшай катэгорыі УЕФА наша краіна атрымае бясплатна — у дар ад Кітая за цеснае эканамічнае супрацоўніцтва.