У Беларусі вызначаны графік правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных прадметах у 2026 годзе. Адпаведная пастанова Міністэрства адукацыі ад 17 верасня № 166 апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.
Так, выпрабаванні па беларускай і рускай мовах пройдуць 29 мая. Грамадазнаўства, хімію, фізіку, гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі выпускнікам трэба будзе здаваць 26 мая і 5 чэрвеня. Тэставанне па матэматыцы, біялогіі, замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), геаграфіі адбудзецца 26 мая і 2 чэрвеня.
Час пачатку цэнтралізаванага тэсціравання, уключаючы рэзервовыя дні, — 11.00.
Рэзервовымі днямі для ЦТ вызначаны 18 чэрвеня — для ўсіх прадметаў, 22 чэрвеня — для здачы экзамену па рускай і беларускай мовах, 20 чэрвеня — па астатніх прадметах.
Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 8 па 11 чэрвеня.
Дакументам вызначаны і тэрміны выдачы абітурыентам сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання пунктамі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання — з 1 ліпеня.
Пастановай зацверджаны таксама пералік устаноў адукацыі, вызначаных пунктамі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і пунктамі рэгістрацыі для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання. У пераліку 40 устаноў адукацыі ў абласных, буйных раённых цэнтрах і сталіцы. Зацверджана і інструкцыя аб вызначэнні патрабаванняў да арганізацыі пунктаў рэгістрацыі для праходжання ЦТ, аўдыторый (памяшканняў) для правядзення ЦТ.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.