Турнір тыдня. Чацвёрты этап Кубка Садружнасці па біятлоне прайшоў у горадзе Дзёміна Яраслаўскай вобласці. Мужчынскую гонку з масавым стартам выйграў беларус Мікіта Лабастаў — у цяперашнім сезоне гэта яго першая перамога ў асабістых гонках. Антон Смольскі заняў першае месца ў гонцы праследавання. Гэта чацвёртая перамога Смольскага ў цяперашнім розыгрышы Кубка Садружнасці і першая ў зімовай частцы спаборніцтваў. Лідар агульнага заліку Кубка Садружнасці на чацвёртым этапе заняў другое месца ў спрынце. Дзмітрый Лазоўскі ў гэтым відзе праграмы заняў трэцяе месца. Ганна Сола стала трэцяй па выніках жаночай гонкі праследавання на 10 кіламетраў. Таксама ў Дзёміна яна стала трэцяй па выніках спрынту.
Падзея тыдня. Чэмпіянат Беларусі па вольнай барацьбе прайшоў у Мінску. Найлепшых вольнікаў сезона вызначалі ў дзесяці вагавых катэгорыях. Сем залатых медалёў выйгралі прадстаўнікі Гродзенскай вобласці: Дзімчык Батамункуеў (да 57 кг), Арыян Цютрын (да 61 кг), Георгій Каліеў (да 70 кг), Мікіта Дзмітрыеў (да 74 кг), Магамедхабіб Кадзімагамедаў (86 кг), Яраслаў Ядкоўскі (да 92 кг) і Аляксандр Гуштын (да 97 кг).
Сярод пераможцаў і спартсмены Мінскай вобласці: Аляксандр Вярбіцкі (да 79 кг) і Дзяніс Храмянкоў (да 125 кг), яшчэ адну ўзнагароду вышэйшай пробы заваяваў Іслам Гусейнаў (да 65 кг) з Мінска.
У дзесяці вагавых катэгорыях найлепшых вызначалі і прадстаўнікі грэка-рымскай барацьбы. Чэмпіёнамі краіны сталі пяць прадстаўнікоў Мінскай вобласці: Аляксандр Лявончык (да 72 кг), Ілья Валеўскі (да 77 кг), Ігар Ярашэвіч (да 87 кг), Павел Глінчук (да 130 кг) і Кірыл Маскевіч (да 97 кг). Тры перамогі ў актыве «класікаў» з Гомельскай вобласці — чэмпіёнамі краіны сталі Дзмітрый Кабанок (да 60 кг), Глеб Макаранка (да 67 кг) і Ілья Біцееў (да 82 кг). Таксама пераможцамі нацыянальнага першынства сталі Яраслаў Кардаш (да 63 кг) і Аляксандр Гур’еў (да 55 кг) з Гродзенскай вобласці.
Гераіня тыдня. Беларуская спартсменка Ганна Церах стала пераможцай чэмпіянату і Кубка Расіі па веласпорце на трэку. Яна заваявала залаты медаль у гонцы па ачках чэмпіянату Расіі. На Кубку Расіі Ганна выйграла індывідуальную гонку праследавання, устанавіўшы новы рэкорд Беларусі (3 хв. 25,326 сек.). У гэтым жа відзе праграмы на ўсерасійскіх спаборніцтвах сярод юніёраў перамогу атрымаў наш Мікіта Бабовіч.
Перамогі тыдня. У Мінску вызначыліся пераможцы і прызёры адкрытага чэмпіянату Беларусі па тэнісе. У мужчынскім адзіночным разрадзе чэмпіёнам краіны стаў 20-гадовы Эрык Аруцюнян. Разам з Даніілам Астапенкавым ён выйграў спаборніцтвы ў парным разрадзе, а выступленне ў тандэме з Эвелінай Ласкевіч прынесла яму перамогу і ў турніры змешаных пар. У жаночым адзіночным разрадзе найлепшай была Ганна Кубарава.
Каманда тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» згулялі ўсе матчы пятага тура чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі ў фармаце «3 на 3». У пятым туры мінчане правялі шэсць матчаў і атрымалі дзве перамогі — абедзве над «Барысам» з Астаны (3:2 і 4:1). Мінчане, разам з тым, па два разы прайгралі магнітагорскаму «Металургу» (2:6, 3:5) і казанскаму «Ак Барсу» (3:4, 5:6). Пасля 18 гульняў чэмпіянату сталічны клуб з 26 баламі займае другое месца ў сваім дывізіёне, адстаючы ад «Ак Барса» на 7 ачкоў. Наступныя матчы ў чэмпіянаце КХЛ 3×3 з удзелам мінскіх дынамаўцаў адбудуцца з 30 студзеня да 2 лютага.