Дзень адбору вакалістаў на конкурсы самага галоўнага фестывалю Беларусі — «Славянскага базару ў Віцебску» — стаў адным з найбольш хвалюючых у жыцці для маладых і самых юных спевакоў. Канкурсанты — жыхары паўночнага рэгіёна — лепш за іншых ведаюць, якая ўзнёслая атмасфера пануе ў горадзе над Дзвіной падчас любімай усімі «Славянкі». Яны маюць магчымасць з маленства штогод бываць на яе канцэртах: суперажываць удзельнікам дзіцячага музычнага конкурсу і конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, па-добраму зайздросцяць ім, мараць аказацца на іх месцы. Для ўвасаблення гэтай мары яны і падалі заяўкі на ўдзел у рэгіянальным адборы. І вось сталі перад журы на сцэне канцэртнай залы «Віцебск» — адной з пляцовак «Славянскага базару».
Думкі перад стартам: гэта ўжо не рэпетыцыя, другога шанцу на будзе. За шэсць хвілін, адведзеных для выканання дзвюх песень, трэба прадэманстраваць вакальныя даныя, валоданне тэхнікай спеваў, творчы вобраз, сцэнічную культуру, артыстызм, уласную індывідуальнасць і перавагі, раскрыць душу і змагчы закрануць душы слухачоў. Складана? Яшчэ як! Выхаду на сцэну папярэднічала шматгадовая работа з настаўнікамі, музычным матэрыялам, над сабою.
Усе 26 канкурсантаў — дзяцей ва ўзросце ад васьмі да 14 гадоў займаюцца ў школах мастацтваў, студыях і гуртках. Большасць з іх — віцябчане, але былі і прадстаўнікі раёнаў: Аршанскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Чашніцкага і Шумілінскага. Сярод іх — два хлопчыкі. У фінал выйшлі віцябчане Аляксандр Агароднікаў, Аглая Дзіянава, Ева Маркачова, Ева Пухава, Васіліна Сушко.
Да ўдзелу ў «дарослым» конкурсе паступіла 11 заявак. Канкурэнцыю прадстаўнікам абласнога цэнтра склалі жыхаркі Дуброўна і Полацка. Сярод дзяўчат быў і адзіны хлопец, Віктар Янчанка. Разам з Кацярынай Дзякавай, Арынай Катушонак, Ганнай Стаян, Аляксандрай Цыганковай-Давыдавай ён выйшаў у выніковую частку нацыянальнага конкурсу. Усе ўдзельнікі наступнага тура з Віцебска.
Журы пад старшынствам выкладчыка Віцебскага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага вядомага хормайстра Аляксандра Суворава было прыемна ўражана незвычайнымі аранжыроўкамі папулярных кампазіцый, выкананнем аўтарскіх песень, грунтоўнай падрыхтоўкай канкурсантаў. Такія тэндэнцыі пацвярджаюць сур’ёзны падыход да конкурсаў, удзельнікі якіх год ад году дэманструюць усё больш высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і яркую індывідуальнасць.
— Да выканання моладзь нярэдка выбірае меладычныя і дынамічныя кампазіцыі такіх сучасных беларускіх кампазітараў, як Яўген Алейнік і Валерый Шмат, — адзначыла загадчык аддзела міжнароднага маркетынгу дырэкцыі фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Святлана Аўдзеева. — Цікава, што сярод канкурсантаў — маладых выканаўцаў эстраднай песні — былі людзі, якія не маюць профільнай адукацыі. Так, сёлета мы праслухоўвалі двух будучых правізараў, выхавальніка дзіцячага садка. Выступілі яны годна. Акрамя наяўнасці голасу і ўмелага валодання ім як інструментам для патэнцыяльных фіналістаў мае значэнне інтэлект, эрудзіраванасць, харызма. Важна ўменне трымацца на сцэне, а гэтаму дапамагае вопыт рэгулярных выступленняў перад гледачамі.

Адна з выканаўцаў з такім вопытам — Ганна Стаян. Яна добра вядомая публіцы дзякуючы перамозе ў трэцім сезоне тэлепраекта «Зорны шлях», дзе выступала ў дуэце з Клімам Астрамовічам. Ён зараз заняты ў музычным шоу талентаў «Фактар.BY».
Ганна спявае з дзяцінства, плануе звязаць жыццё з музыкай: сёлета яна заканчвае ВДУ імя П. М. Машэрава, будзе педагогам-музыкантам і харэографам. З’яўляецца салісткай універсітэцкай народнай студыі эстраднай песні «Шанц». Вакалам займаецца з педагогам Аленай Кушчынай.
— У якасці песні кампазітара славянскай краіны я выбрала твор Леаніда Агуціна «Звон чакае», а як «сусветны хіт» — Skyfall Адэль Эдкінс і Пола Эпуорта. Абедзве кампазіцыі свежыя ў маім рэпертуары. Яны розныя па характары. Аднак згодна з новаўвядзеннем гэтага года абодва нумары патрэбна было прадстаўляць адзін за адным, без змены вобраза, часу на перабудову. Гэта іспыт на гнуткасць выканаўцы, — паведаміла Ганна. — Хвалявалася, але справілася. Буду рыхтавацца да наступнага этапу. Наперад загадваць не бяруся, але ведаю дакладна: я заўсёды буду спяваць!
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з адкрытых крыніц.