У законную сілу ўступіў прысуд у дачыненні да 41-гадовага раней неаднаразова судзімага гараджаніна, якога абвінавачвалі ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, паведамляе БелТА.
У снежні 2024 года жанчына не змагла датэлефанавацца да бацькі 1949 года нараджэння, які пражываў адзін у кватэры на вул. Волаха. Яна прыехала яго праведаць. Адчыніўшы дзверы сваім ключом, грамадзянка ўбачыла, што бацька ляжыць на канапе і цяжка дыхае. На яго твары была запечаная кроў, а на целе — шматлікія гематомы і ранкі.
У кватэры панаваў беспарадак. Там жа знаходзіўся раней незнаёмы ёй грамадзянін, які, убачыўшы жанчыну, сышоў, забраўшы недапіты алкаголь, мабільны тэлефон і банкаўскую картку пенсіянера. Дачка пацярпелага паспела зняць незнаёмца на відэа, а пасля выклікала хуткую і міліцыю.
Са шматлікімі пераломамі і чэрапна-мазгавой траўмай пажылога чалавека даставілі ў рэанімацыю, дзе праз некаторы час ён памёр.
Падазраванага затрымалі. Ён расказаў, што напярэдадні не змог трапіць да сябе дадому — зламаўся замок ва ўваходных дзвярах, таму прыйшоў у госці да пацярпелага і папрасіўся пераначаваць. Некалькі дзён мужчыны выпівалі.
Па версіі фігуранта, пенсіянер завіхаўся на кухні і папрасіў падаць яму малаток, якім пасля беспадстаўна ўдарыў яго ў левую скулу. Абвінавачаны раззлаваўся і нанёс гаспадару кватэры не менш за 10 удараў рукамі па галаве і тулаве. Пасля ён аднёс старога ў пакой, пасадзіў на канапу, і мужчыны працягнулі застолле.
У дачыненні да мінчаніна распачалі крымінальную справу. Згодна з заключэннем эксперта, пацярпеламу былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце небяспекі для жыцця. Віну ў інкрымінаваным злачынстве фігурант не прызнаў — настойваў, што пенсіянер мог траўміравацца пры неаднаразовых падзеннях з канапы ў стане алкагольнага ап’янення.
— Абвінавачаны нідзе афіцыйна працаўладкаваны не быў, раней двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за забойства, — пракаментавала намеснік начальніка аддзела нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастаноў у крымінальных справах пракуратуры Мінска Людміла Іваненка. — Суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 147 КК («Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»), і прызначыў канчатковае пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі, якія абвінавачаны правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Акрамя таго, ён павінен прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Прысуд уступіў у законную сілу.