21 лютага сярэдняя школа № 93 г. Мінска імя У. В. Кавалёнка ператварылася ў стартавую пляцоўку для касмічных экіпажаў. Праўда, замест скафандраў у хлопчыкаў і дзяўчат была зручная спартыўная форма — гэта ў сценах навучальнай установы прайшоў гарадскі этап спартыўна-масавага мерапрыемства «Спорт сям’і з года ў год сілу духу надае!» у намінацыі «Вясёлка здароўя».
Арганізатары адкрытага метадычнага занятку па прафілактыцы розных захворванняў вырашылі не абмяжоўвацца сумнымі лекцыямі аб здаровым ладзе жыцця, а адправіць бацькоў, дзяцей і педагогаў у самую сапраўдную міжпланетную экспедыцыю. Легендарныя сабакі-касманаўты Белка і Стрэлка — на гэты раз у вобразе вясёлых аніматараў — разам з метадыстам па сувязях з грамадскасцю адправіліся з удзельнікамі ў падарожжа па планетах сонечнай сістэмы і даведаліся, што дапамагае касманаўтам заўсёды быць у выдатнай фізічнай форме. «Усяго наша школа сабрала каля 270 чалавек, — расказала Ала Рабая, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце. — На кожнай станцыі дзеці і іх бацькі знаёмяцца з адным з сакрэтаў здароўя касманаўтаў. Мерапрыемства арыентавана на прафілактыку захворванняў, прапаганду здаровага ладу жыцця і спорту».

У кожным экіпажы — па дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак з 4-7 класаў і чацвёра самых смелых бацькоў. Падтрымаць сваіх байцоў прыйшлі гледачы і балельшчыкі, бо праграма мерапрыемства была не толькі актыўнай, але і па-сапраўднаму пазнавальнай. Пачалося ўсё ў актавай зале — адпраўной кропкі палёту. А далей каманды разышліся па станцыях, на кожнай з якой удзельнікі працавалі са сваімі куратарамі, каб вывучыць асаблівасці жыцця касманаўтаў у палёце, ва ўмовах адсутнасці гравітацыі. У экспедыцыях каманды суправаджалі госці з БДУФК, Акадэміі авіяцыі, УП «24 гарадская паліклініка медаглядаў», УАЗ «11 гарадская дзіцячая паліклініка», Цэнтра дружалюбных адносін да падлеткаў «Разам».
Школьнікам і іх бацькам расказалі пра карысць плавання, правілы гігіены. Да таго ж, удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю паслухалі аб важнасці правільнага сілкавання, карысці дыхальнай гімнастыкі. Напрыклад, Юлія Гаргун, урач-педыятр УАЗ «11 гарадская дзіцячая паліклініка», расказала дзецям пра шкодныя звычкі і іх наступствы, у прыватнасці, пра выкарыстанне электронных цыгарэт, вэйпаў і пра шкоду алкаголю: «Гэтыя праблемы цяпер найбольш актуальныя, асабліва што тычыцца выкарыстання электронных цыгарэт — яно павялічылася ў разы. У тым ліку з-за рэкламы, паказу курэння ў кіно, серыялах, папулярнасцю яго ў інтэрнэце». Таму, прызнаецца ўрач-педыятр, сёння так важна прафілактыка падобных шкодных звычак сярод падрастаючага пакалення: «Такія мерапрыемствы дапамагаюць дзецям у нефармальнай абстаноўцы даведацца пра прычыны і наступствы злоўжывання. Гэта не проста лекцыя, а зусім іншы, цікавы дзецям фармат».
Таксама сярод запрошаных гасцей — алімпійскі чэмпіён, дзесяціразовы чэмпіён свету па фехтаванні на рапіры Аляксандр Раманькоў, а таксама дзіцячы хірург і дублёр першай беларускай жанчыны-касманаўта Марыны Васілеўскай Настасся Лянкова: «Для мяне вялікі гонар прысутнічаць сёння ў школе, якая носіць імя касманаўта, і на мерапрыемстве, дзе гавораць пра самае галоўнае — пра здароўе. Сімвалічна, што я не толькі касманаўт, але і ўрач, і большую частку свайго жыцця прысвяціла менавіта медыцыне, — падкрэсліла яна і звярнулася да школьнікаў: — Сёння вы адпраўляецеся ў касмічнае падарожжа. Магчыма, хтосьці з вас стане касманаўтам, лётчыкам, хтосьці абярэ шлях інжынера, урача, настаўніка ці будаўніка. Ёсць шмат цікавых прафесій. Але абсалютна кожнаму з вас трэба для гэтага моцнае здароўе і ўменне беражліва ставіцца да сябе». Госця пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам быць смелымі, дысцыплінаванымі, не баяцца спрабаваць новае. Бо нават невялікія дасягненні, маленькія крокі дапамагаюць дабівацца самых высокіх перамог.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара