Спартсмены «Сталіцы» разграмілі светлагорскі ЦКК у гульні чэмпіянату Беларусі па міні-футболе, паведамляе БелТА.
У дамашняй сустрэчы з аўтсайдарам лідары першынства не адчулі ніякіх праблем, забіўшы амаль два дзясяткі мячоў — 18:0. Па чатыры галы ў гэтым матчы забілі Аляксандр Умпіровіч, Янік Джылеру і Арцём Якубаў. У цэнтральным паядынку гульнявога дня гомельскі ВРЗ на сваёй пляцоўцы згуляў унічыю з дзеючым чэмпіёнам краіны аршанскім «Вітэнам» — 3:3. Яшчэ адзін гомельскі клуб — БЧ — таксама ў сябе дома перамог лідскі «Буцікаўта» з лікам 4:2. У Гродне мясцовае «УУС-Дынама» атрымала вікторыю над «Барысавам-900» — 6:1. У сталічным дэрбі «Ахова-Дынама» 2 мая сустрэнецца з «Мінскам», а 3 мая мінскі «Дарожнік» прыме на сваёй арэне брэсцкі «Меркурый-ДМК».
Становішча ў групе лідараў: «Сталіца» — 64 ачкі (23 матчы), БЧ — 52 (23), «Вітэн» — 51 (23), ВРЗ — 48 (23). Спіс лепшых бамбардзіраў узначальвае Уладзімір Разуванаў («Вітэн»), які забіў 23 галы.