У Мінску падведзены папярэднія вынікі работы са зваротамі грамадзян у 2025 годзе. Аналіз статыстыкі паказвае ўстойлівую тэндэнцыю да зніжэння колькасці скаргаў. У Мінгарвыканкаме адзначаюць: мінчане сталі радзей звяртацца да ўлад па набалелых пытаннях, што можа сведчыць пра павышэнне якасці абслугоўвання і аператыўнасці рэагавання службаў.
Як паведаміла начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінгарвыканкама Іна Кавалеўская, за мінулы год на 2,1 % скарацілася колькасць зваротаў грамадзян, якія паступілі як у Мінгарвыканкам, так і ва ўсе адміністрацыі, структурныя падраздзяленні.
Таксама назіраецца зніжэнне актыўнасці насельніцтва і ў ходзе асабістых прыёмаў. Галоўная прычына — у дзейснасці мер, якія прымаюцца для вырашэння актуальных пытанняў насельніцтва.
Па словах начальніка, колькасць калектыўных зваротаў паменшылася на 2 %.
Звароты з найбольшай колькасцю подпісаў, а гэта 2910, паступілі ад жыхароў Мінскай вобласці, якія былі нязгодныя з будаўніцтвам глеістых накапляльнікаў у Смалявіцкім раёне. А самы вялікі калектыўны зварот на тэрыторыі Мінска — у Маскоўскім раёне — 609 подпісаў — аб нязгодзе будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі ў межах вуліц Слабодская—Рафіева. У асноўным жа калектыўныя звароты нешматлікія і ўтрымліваюць да 100 подпісаў.
Іна Мікалаеўна расказала, што часта пытанні ў калектыўных зваротах датычыцца дзейнасці таварыства ўласнікаў, добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі, устаноўкі шлагбаумаў.
Паводле слоў спецыяліста, традыцыйна асноўным генератарам зваротаў у органы ўлады застаецца сфера ЖКГ. Для насельніцтва тэма «камуналкі» застаецца адчувальнай і, зразумела, спектр тых паслуг, якія аказваюцца ЖКГ, таксама вялікі. Значная колькасць зваротаў паступае ў электронным выглядзе.
Трэба сказаць, што рэзкіх крытычных скарг ад насельніцтва ў дачыненні арганізацый у параўнанні з папярэднімі гадамі таксама не назіралася.
Як паведаміла начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінгарвыканкама, знізілася колькасць зваротаў па пытаннях капітальнага рамонту на 27 %. Яна адзначыла, што жыллё, запланаванае да ўводу пасля капітальнага рамонту ў 2025 годзе, уведзена ў поўным аб’ёме. Знізілася колькасць зваротаў па пытаннях будаўніцтва — у прыватнасці датычна тэрмінаў будаўніцтва жылых дамоў і ўстаранення будаўнічых недахопаў.
Спецыяліст патлумачыла, што ў дадзены момант жыхароў сталіцы хвалюе тэма запланаваных зносаў, як, напрыклад, у Заводскім раёне, што ў Аўтазаводскім пасёлку і ў раёне падшыпнікавага завода. Актуальным для мінчан з’яўляецца пераезд са старога ў новае жыллё.
Паступаюць пытанні па абароне правоў спажыўцоў. «Толькі 30 % гэтых зваротаў з’яўляюцца аб’ектыўнымі, бо арганізацыямі гандлю своечасова прымаюцца неабходныя меры ўздзеяння. Жыхароў турбуе і транспартная сфера. З аднаго боку, ёсць і аб’ектыўныя прычыны, па якіх адзначаецца рост запытаў. З іншага боку, трэба адзначыць, што ў сталіцы шырока развітая транспартная сетка, праведзена трэцяя лінія метро, і, вядома, для насельніцтва ёсць усе магчымасці даехаць ад дому да працы, на вучобу, у медыцынскія і іншыя ўстановы», — патлумачыла начальнік.
Іна Кавалеўская падкрэсліла, што сёлета, як і заўсёды, асноўнае — работа з насельніцтвам. У тым ліку аналіз і інфармаванне праз дамавыя чаты, у сетцы Інтэрнэт. Грамадзяне павінны валодаць інфармацыяй і мець магчымасць адсочваць якасць работ, што выконваюцца.
Спецыяліст адзначыла, што работа з насельніцтвам праводзіцца не толькі асобнай арганізацыяй, гэта ўзаемадзеянне ўсіх структур і службаў у сукупнасці, што і дазволіць у 2026 годзе паспяхова выканаць пастаўленыя задачы.
Іна Кавалеўская засяродзіла ўвагу на неабгрунтаваных зваротах грамадзян. «Такіх скаргаў больш за 20 %. Пры іх разглядзе факты не знаходзяць свайго пацвярджэння. Трэба разумець, што калі паступае зварот — гэтым пытаннем займаюцца спецыялісты, дзяржавай выдаткоўваюцца грошы для заказу экспертызы, ажыццяўлення аналізу, а гэта вельмі перашкаджае ў нашай рабоце. І каб выключыць такія выпадкі, мы вымушаны ўносіць змяненні і карэкціроўкі ў заканадаўства».
Надзея ЗУЕВА