З набліжэннем свята на вуліцах сталіцы сталі з’яўляцца дэкарацыі. Аб тым, як упрыгожваюць Мінск напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, паведамляюць «Минск-Новости» са спасылкай на «Мінскрэкламу».
Акцэнтным элементам графікі на гэты раз стаў контурны малюнак граніц Беларусі з адлюстраваннем асноўных архітэктурных славутасцяў і прыродных багаццяў рэспублікі. Акрамя таго, на буйнагабарытных канструкцыях прадстаўлены маляўнічыя віды палёў і азёр.
— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — наша галоўнае дзяржаўнае свята, — расказвае начальнік аддзела дызайну Таццяна Бугаркова. — Ён увасабляе сабой мужнасць, самаахвярнасць і адданасць роднай краіне. Яго асаблівае значэнне мы пастараліся ўвасобіць у афармленні. Асноўнымі колерамі, якія надаюць урачыстасць і параднасць, сталі чырвоны і зялёны ў спалучэнні з адліваючым золатам беларускім арнаментам.
Традыцыйна фасад Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ўпрыгожыць 40-метровае тканкавае пано.
Тэматычныя кампазіцыі прадстаўлены ля чыгуначнага вакзала, ратушы, выставачнага цэнтра на праспекце Пераможцаў, ля парка Перамогі, парка Чалюскінцаў і ў многіх іншых лакацыях. Усе апоры асвятлення на асноўных магістралях сталіцы ўпрыгожаны святочнымі пілонамі, тэматычна будуць аформлены рэкламныя шчыты і шматлікія мультымедыйныя экраны.
Фота: «Минск-Новости»