Top.Mail.Ru

Стан атмасфернага паветра ў Мінску застаецца стабільна добрым — перавышэнняў выкідаў не зафіксавана

У 2026 годзе стан атмасфернага паветра ў беларускай сталіцы застаецца стабільным і характарызуецца як добры і вельмі добры. Гэтая інфармацыя прагучала на пасяджэнні калегіі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое прайшло 28 кастрычніка, паведамляе sb.by.


У цяперашні час у Мінску дзейнічае 281 дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў, у тым ліку комплексныя прыродаахоўныя дазволы. Кантроль за іх выкананнем ажыццяўляецца як з дапамогай лабараторных вымярэнняў, так і праз аўтаматызаваныя сістэмы.

— Лабараторыямі Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю за 9 месяцаў 2026 года былі адабраны пробы на 389 стацыянарных і 154 мабільных крыніцах выкідаў, — расказалі спецыялісты. — Перавышэнняў нарматываў дапушчальных выкідаў не зафіксавана. У Мінску 19 з 25 крыніц выкідаў, якія падлягаюць аснашчэнню, абсталяваны аўтаматычнымі сістэмамі кантролю, якія перадаюць даныя ў Рэспубліканскую інфармацыйную сістэму аўтаматызаванага маніторынгу навакольнага асяроддзя ў рэжыме рэальнага часу.


Паводле звестак Белгідрамета, у цэлым якасць паветра ў сталіцы ацэньваецца як добрая і вельмі добрая. Перыяды пагаршэння, адзначаныя 20–21 студзеня і 29–30 верасня, былі абумоўлены аб’ектыўнымі фактарамі: зацішным надвор’ем і магутнымі прыземнымі інверсіямі, якія перашкаджалі рассейванню ўзважаных часціц розных фракцый ад аўтатранспарту і прадпрыемстваў. У гэтыя перыяды ўводзіўся рэжым неспрыяльных метэаралагічных умоў з папярэджаннем буйных прамысловых і аўтатранспартных прадпрыемстваў аб неабходнасці зніжэння антрапагеннай нагрузкі.

— Вынікі лакальнага маніторынгу, які ажыццяўляюць 14 прыродакарыстальнікаў па 89 пунктах назірання, сведчаць пра тое, што прадпрыемствы Мінска працуюць у стабільным рэжыме, канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў у выкідах знаходзіцца ў межах устаноўленых нарматываў, — дадалі ў камітэце.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю