У нашай краіне паказчык забяспечанасці воднымі рэсурсамі знаходзіцца на сярэднееўрапейскім ўзроўні — 6,2 тыс. куб. м у год на душу насельніцтва. Агульныя запасы водных рэсурсаў складаюць 70,8 млрд м3, з якіх 2,3 млрд м3 — падземныя воды. Выкарыстоўваецца толькі невялікая частка гэтага багацця: напрыклад, у 2024 годзе доля здабытых-забраных вод склала 1,98 % ад агульных запасаў.
Але адносна вады актуальна не толькі яе колькасць, але і якасць. Для своечасовага выяўлення негатыўных працэсаў, прадухілення наступстваў і ацэнкі эфектыўнасці мер па рацыянальным выкарыстанні і ахове паверхневых вод у Беларусі ў рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя праводзіцца маніторынг паверхневых вод.
— На сёння маніторынг ахоплівае 160 паверхневых водных аб’ектаў і больш за 200 пунктаў назіранняў, — расказала начальнік аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля СВІРЫДОВІЧ.
Па папярэдніх даных, большасць водных аб’ектаў краіны знаходзіцца ў добрым экалагічным стане. Аднак, як і раней, выяўлены асобныя перавышэнні нарматываў якасці па біягенных рэчывах (злучэннях азоту і фосфару), некаторых металах і шэрагу арганічных злучэнняў. Найбольшае антрапагеннае ўздзеянне адбываецца на водныя аб’екты басейнаў рэк Заходні Буг, Днепр і Прыпяць.
Вялікая ўвага надаецца забеспячэнню якасці пітной вады. Як адзначыла генеральны дырэктар Белводаканала Ірына РОЎБА, за папярэднюю пяцігодку пабудавана больш за тысячу станцый абезжалезвання, прасвідравана каля 100 водазаборных свідравін, пабудавана 250 км новых сетак водазабеспячэння. Рэалізавана звыш тысячы іншых мерапрыемстваў, найбольш значнай падзеяй з якіх стала завяршэнне ў мінулым годзе праекта па пераводу Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння.
— Хоць Беларусь багатая на водныя запасы, артэзіянская вада мае часам павышаную колькасць растворанага жалеза, з-за чаго патрабуе ачысткі. Сёння ў краіне працуе 2268 станцый абезжалезвання. Далей вада транспартуецца па 42 тыс. км сетак і перапампоўваецца 1500 помпавымі станцыямі на кожны паверх, — расказала Ірына Роўба.
Яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці Белводаканала — ачыстка сцёкавых вод. Для іх паляпшэння за апошнія 5 гадоў рэканструявана 56 камунальных ачышчальных збудаванняў, дасягнуты ўзровень нарматыўнай ачысткі — 97 %.
— Прыярытэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады — стварэнне якаснага асяроддзя для жыцця грамадзян. Наступны этап дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» ўключае пашырэнне доступу да водазабеспячэння і водаадвядзення, павышэнне эфектыўнасці сістэм і якасці ачысткі сцёкаў, — падзялілася планамі кіраўнік Белводаканала. — Вырашацца гэтыя задачы будуць за кошт перабурвання свідравін, рэканструкцыі групавых водазабораў, замены зношаных сетак водазабеспячэння і водаадвядзення, а таксама прадаўжэння мадэрнізацыі ачышчальных збудаванняў.
Александрына ПАРШЫНА