Top.Mail.Ru

Стандарт забеспячэння насельніцтва аптэкамі перавыконваецца больш чым у тры разы

Варта адзначыць, што разам з тым удасканальваецца сістэма рэалізацыі лекавых прэпаратаў — для гэтага ўкараняюцца сучасныя лічбавыя тэхналогіі. Пра гэта падчас брыфінгу ў Доме прэсы напярэдадні Дня работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці расказаў вядучы правізар-інспектар, кіраўнік сектара карпаратыўнага навучання арганізацыйна-фармацэўтычнага аддзела РУП «Белфармацыя» Арсеній КІРЫЛЮК.



Больш як трэць прэпаратаў — айчыннай вытворчасці

— Аснову лекавага забеспячэння складаюць прэпараты, уключаныя ў Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў і пералік асноўных лекавых сродкаў, — адзначыў ён. — Менавіта на іх грунтуюцца клінічныя пратаколы, якія прымяняюцца для лячэння, прафілактыкі і рэабілітацыі пацыентаў. Важным кірункам застаецца развіццё сучасных сэрвісаў. У краіне актыўна выкарыстоўваюцца электронныя рэцэпты, дыстанцыйны гандаль лекавымі прэпаратамі, праграмы лаяльнасці, у тым ліку па карце медабслугоўвання, на якую таксама ўносяцца звесткі аб электронных назначэннях. Гэтыя рашэнні робяць атрыманне неабходных прэпаратаў больш зручным і даступным.

РУП «Белфармацыя» — найбуйнейшая дзяржаўная аптэчная арганізацыя краіны. У яе складзе 240 аптэк, з якіх 16 працуюць кругласутачна. Прадпрыемства таксама валодае інтэрнэт-аптэкай, найбуйнейшым аптэчным складам плошчай больш за 20 тысяч квадратных метраў, кантрольна-аналітычнай лабараторыяй і іншымі падраздзяленнямі.

— Асартымент прадпрыемства перавышае 7,5 тысячы найменняў тавараў. З іх каля 4,5 тысячы складаюць лекавыя прэпараты, уключаючы 1600 найменняў айчыннай вытворчасці, — заўважыў Арсеній Кірылюк. — Усяго ў Беларусі працуе 3961 аптэка, у тым ліку 1865 дзяржаўных, што складае 47 працэнтаў ад агульнай колькасці аптэк краіны. Пры гэтым дзяржаўны сацыяльны стандарт забяспечанасці жыхароў аптэкамі ўсіх формаў уласнасці, устаноўлены Саветам Міністраў, перавыконваецца больш чым у тры разы па краіне і ў пяць разоў у Мінску.


Рэцэпт, які нельга згубіць

Намеснік начальніка інфармацыйна-фармацэўтычнага цэнтра РУП «Белфармацыя» Мікіта ЦІМАФЕЕЎ адзначыў, што значным крокам стала ўкараненне праекта «Электронны рэцэпт», які працуе з 2016 года і ахапіў усю краіну. Ён рэалізаваны Міністэрствам аховы здароўя сумесна з РУП «Белфармацыя» і Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук.

— За час яго працы выпісана ўжо больш за два мільёны электронных рэцэптаў, — прывёў лічбы ён. — Для выкарыстання сэрвісу пацыенту дастаткова звярнуцца ў рэгістратуру сваёй паліклінікі, напісаць заяву і атрымаць карту медабслугоўвання. Пасля гэтага ўрач будзе афармляць рэцэпты ў электронным выглядзе, а атрымліваць лекі па іх можна ў аптэках па ўсёй краіне.

Па словах Мікіты Цімафеева, электронны фармат дазваляе пазбегнуць многіх праблем, характэрных для папяровых рэцэптаў. Дакументы не губляюцца, не рвуцца, не прыходзяць у непрыдатнасць, а таксама выключаюцца складанасці, звязаныя з нечытальнасцю запісаў.


Яшчэ адзін важны сэрвіс — даведачная служба, з якой можна звязацца па нумары 169. Яна працуе як адзіны інфармацыйны цэнтр для ўсёй краіны з улікам тэрытарыяльнага прынцыпу абслугоўвання.

— Спецыялісты службы кансультуюць грамадзян па пытаннях лекавых прэпаратаў, а таксама дапамагаюць скарыстацца паслугамі браніравання і дастаўкі неабходных лекаў. У развіцці электронных сэрвісаў важную ролю адыграла і адкрыццё інтэрнэт-аптэкі Pharmamall.by. Гэты праект стаў першай зарэгістраванай інтэрнэт-аптэкай у Беларусі і пашырыў магчымасці жыхароў краіны па пошуку і набыцці лекаў з выкарыстаннем сучасных лічбавых тэхналогій.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю