Сама ідэя правядзення семінара ўзнікла падчас пасяджэння Мінаблвыканкама па занятасці насельніцтва, адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.
«У вобласці назапашаны станоўчы вопыт рэалізацыі кадравай палітыкі. І сёння мы вырашылі паказаць, як спраўляюцца з гэтай задачай у Нясвіжскім раёне», — дадаў губернатар Міншчыны.
Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі расказаў, што ў эканоміцы раёна занята больш за 17 тысяч чалавек, а ўзровень забяспечанасці кадрамі ў арганізацыях складае звыш 90%.
«Раён заўсёды быў прывабным для работнікаў, так склалася традыцыйна. Мы супрацоўнічаем з установамі адукацыі, запрашаючы студэнтаў на практыку. І ўжо падчас практыкі мы ствараем умовы, набліжаныя да тых, якія будуць у маладога спецыяліста падчас працы. А ўмовы для замацавання сёння павінны быць камфортнымі: нармальнае жыллё, добрыя дарогі, каб дзіця работніка магло бяспечна дайсці да школы, магчымасць арганізацыі вольнага часу», — дадаў ён.
Удзельнікам семінара прадэманстравалі эфектыўную работу шэрагу арганізацый.
У прыватнасці, ААТ «17 верасня», ААТ «Грыцкевічы» і ААТ «Новае жыццё». А ў ходзе пленарнага пасяджэння ў сваю чаргу разглядзелі паспяховыя прыклады работы з кадрамі наймальнікаў іншых рэгіёнаў Мінскай вобласці розных сфер дзейнасці — прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі і аховы здароўя.
Яна Валасач