Top.Mail.Ru
258

Старасць — час выпрабаванняў?

Чаму ў гэты перыяд варта атрымаць кансультацыю герыятра? На што павінны звяртаць увагу блізкія пажылых людзей? Што вядзе да заўчаснага старэння? Высвятляем з загадчыцай Мінскага гарадскога герыятрычнага цэнтра Ірынай Токаравай.


— У фокусе нашай увагі — грамадзяне ва ўзросце ад 75 гадоў. Для іх распрацаваны спецыяльныя апытальнікі, метадычныя рэкамендацыі па раннім выяўленні сіндрому старэчай астэніі (CCA), герыятрычных сіндромаў, ацэнцы кагнітыўных функцый (шкала MMSE), — тлумачыць Ірына Віктараўна. — Часцей за ўсё пацыенты звяртаюцца да мяне з пытаннямі, якія датычацца карэкцыі медыкаментознага лячэння, рэжыму дня, фізічнай нагрузкі, харчавання, рэабілітацыі, арганізацыі догляду маларухомых састарэлых сваякоў.

— Галоўная складанасць у барацьбе з узроставымі паталогіямі, мусіць, у тым, што пры «першых трывожных званочках» чалавек не звяртаецца да ўрачоў, а потым страчвае крытычнасць. У выніку ў поле зроку спецыялістаў ён часта трапляе, калі ўжо ўсё вельмі запушчана...

— На жаль, так. Нярэдка людзі заўважаюць некаторыя змены да горшага ў сваім стане, але спісваюць гэта на стомленасць, узрост і г. д. Вельмі важна, каб і сваякі былі напагатове, і ўрачы агульнай практыкі пры асабістых кантактах з пацыентамі звярталі ўвагу на змены ў стане здароўя, своечасова накіроўвалі па дапамогу да профільных спецыялістаў. Пагаршэнне зроку, слыху, змена хады ў пажылых — таксама праявы старэчай астэніі.

Умеранае і выяўленае зніжэнне кагнітыўных функцый медыкі заўважаюць у пацыентаў і без правядзення дадатковых апытанняў. Праблема ў тым, што найбольш эфектыўная тэрапія дэменцыі на ранніх стадыях, але якраз «на старце» ўсе яе разнавіднасці (і сасудзістую, і неўдакладненага генезу, і на фоне хваробы Альцгеймера) рэдка атрымліваецца дыягнаставаць.

— Пра што варта памятаць сваякам пажылых людзей? Якія змены ў паводзінах і стане блізкага чалавека павінны стаць прычынай для візіту да ўрача?

— Калі пажылыя людзі жывуць асобна, іх трэба максімальна часта наведваць, не пакідаць без увагі. Па тэлефоне не заўсёды можна здагадацца аб рэальным становішчы спраў. Калі пажылы сваяк перастае ўдзяляць увагу асабістай гігіене, становіцца неахайным, забывае есці і прымаць прызначаныя яму прэпараты, пад любымі падставамі адмаўляецца ад прагулак на свежым паветры, пачынае коратка адказваць на пытанні, забываецца пра раней важныя для яго падзеі — усё гэта прычыны для хвалявання і звароту да медыкаў. Наша сумесная з блізкімі і роднымі задача — як мага даўжэй захаваць аўтаномнасць і самастойнасць старых людзей, іх здольнасць да самаабслугоўвання.

— Вы гаварылі пра герыятрычныя сіндромы. Растлумачце, што гэта такое. Ці можна іх карэкціраваць?

— Герыятрычных сіндромаў вельмі шмат. Сярод асноўных — саркапенія (страта мышачнай масы і сілы), зніжэнне кагнітыўных функцый, сіндром падзення, сіндром мальнутрыцыі (гэта значыць, недастатковасць харчавання), парушэнне хады, нетрыманне мачы і іншыя. Для таго каб эфектыўна падкарэкціраваць гэтыя парушэнні, трэба правільна вызначыць іх прычыны. Напрыклад, пажылы пацыент скардзіцца на падзенні. Гэта можа быць наступствам і артэрыяльнай гіпертэнзіі (АГ), і парушэння сардэчнага рытму, і гіпаглікеміі пры цукровым дыябеце, і хваробы Паркінсона і г. д. Упасці можна нават з-за вялікай дозы лекаў пры АГ, калі рэзка зніжаецца ціск. Кожны пацыент патрабуе індывідуальнага падыходу — трэба знайсці аптымальны алгарытм дапамогі.

— Так, усе людзі розныя. Напэўна ёсць тыя, хто ў 55 лічыць сябе старым, а нехта і ў 80 не спяшаецца спісваць сябе з разліку.

— Адрозніваюць тры ўзросты: каляндарны (пашпартны, храналагічны), біялагічны, які вызначаецца захаванасцю нашых органаў і сістэм, і псіхалагічны, на які чалавек сам сябе адчувае. Яны не заўсёды супадаюць. Нядаўна ў мяне на прыёме быў 78-гадовы пацыент. Некаторыя праблемы са здароўем у мужчыны меліся, але ён на іх не зважаў. У гутарцы са мной прызнаўся: больш за ўсё яму не падабаецца сустракацца з аднагодкамі — маўляў, яму з імі нецікава, толькі пра хваробы і размаўляюць. Ён жа катаецца на веласіпедзе, рэгулярна плавае, нядаўна завяршыў будаўніцтва ўласнай хаты. На жаль, гэта не самы тыповы прыклад. Мне даводзіцца бачыць дастаткова тых, хто спісвае сябе з разліку раней за 75 гадоў («афіцыйны» ўзрост старэння).

— Што часцей за ўсё выклікае заўчаснае старэнне?

— Для многіх гэта выхад на пенсію. Жанчынам ён даецца звычайна прасцей — у іх шмат хатніх абавязкаў; як правіла, ёсць унукі, якія патрабуюць часу і клопату. А вось мужчыны часта аказваюцца ў групе рызыкі. На пенсіі яны адчуваюць сябе непатрэбнымі, упадаюць у дэпрэсію, замыкаюцца ў адзіноце, ізаляцыі. Да заўчаснага старэння таксама вядуць хранічныя захворванні, маларухомы лад жыцця, хібы харчавання, шкодныя звычкі, асаблівасці характару.

— Многія пажылыя людзі пакутуюць ад цэлага «букета» захворванняў. А гэта патрабуе прыёму розных лекаў, якія аб’ектыўна — таксама фактар рызыкі для здароўя. Ці вырашальная, на ваш погляд, такая праблема?

— Ёсць вымушаная поліпрагмазія (адначасовы прыём вялікай колькасці лекаў). Напрыклад, пацыент хварэе на цукровы дыябет другога тыпу (гэта вельмі распаўсюджаная паталогія ў пажылым узросце). Хутчэй за ўсё яму прызначаюцца два прэпараты. Іх адмена пагражае слепатой, паражэннем нырак, а часам і ампутацыяй канечнасцяў. Калі ў такога чалавека высокі артэрыяльны ціск, то, каб пазбегнуць ускладненняў, неабходна прымаць яшчэ некалькі медыкаментаў. Пасля перажытых інфарктаў, пры парушэннях сардэчнага рытму (у залежнасці ад асаблівасцяў дыягназаў) прызначаюць 2–4 лякарствы, без якіх не абысціся. Такая рэальнасць. Але, безумоўна, ёсць выпадкі, калі ад шэрагу прэпаратаў і ў сталым узросце можна адмовіцца. Успамінаю мужчыну, у якога ў маладосці была язва дванаццаціперснай кішкі. Чалавек і сёння для прафілактыкі лічыць неабходным раз у квартал абавязкова прымаць як мінімум тры прэпараты, прычым два з іх — антыбіётыкі. Але гэта зусім неапраўдана — бактэрыя хелікабактар-пілары ў яго не выяўляецца, паказанні для такога лячэння адсутнічаюць. Сустракаешся з неабгрунтаваным прыёмам вітамінаў (прычым няспынным), антыдэпрэсантаў і снатворных, седатыўных прэпаратаў. Імкнуся пераканаць пацыентаў, што яны цалкам могуць абысціся без іх, падказваю, як вырашыць праблемы, не звяртаючыся да медыкаментаў.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара


Майце на ўвазе

У дарослых паліклініках Мінска з восені 2023 года дзейнічаюць кабінеты «Школа актыўнага даўгалецця», мэта якіх — адкласці заўчаснае старэнне, навучыць пажылых людзей умелай самадапамозе. Гэтыя школы адкрыты як для саміх пацыентаў пенсіённага ўзросту, так і для сваякоў тых, хто страчвае самастойнасць, становіцца залежным.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю